2016-11-12 14:22:00

Папа: стварыць роўныя магчымасці для лячэння рэдкіх хваробаў


“Калі чалавечая асоба мае выключную каштоўнасць, гэта значыць, што кожны чалавек, асабліва, які пакутуе – у тым ліку па прычыне “рэдкай” ці “занядбанай” хваробы – заслугоўвае прыкладання тэрміновых намаганняў, каб быць прынятым, атуленым клопатам і калі магчыма аздароўленым”, - падкрэсліў папа Францішак 12 лістапада 2016 г. у пасланні да ўдзельнікаў ХХХІ Міжнароднай канферэнцыі работнікаў сферы аховы здароўя, арганізаванай ў Ватыкане.

Форум прысвечаны пытанням салідарнасці ў адносінах да людзей, пакутуючых ад “рэдкіх” і “занядбаных” хваробаў. У сваім звароце Папа заўважыў, што барацьба з імі патрабуе не толькі высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі, але таксама працы “медыцынскіх менеджэраў”, адмысловых адміністратыўных, палітычных і эканамічных рашэнняў. Францішак звярнуў увагу на сувязь, якая існуе паміж гэтымі хваробамі і экалогіяй. “Таму я хачу зноў зрабіць акцэнт на абсалютнай важнасці павагі і аховы стварэння, нашага супольнага дому”, - дадаў ён.

Святы Айцец адзначыў неабходнасць прадастаўлення людзям роўных магчымасцяў для лячэння незалежна ад сацыяльнага, геаграфічнага, культурнага кантэксту, у якім яны пражываюць. Ён заклікаў “вылучыць рэалістычныя, мужныя, шчодрыя і салідарныя рашэнні для яшчэ больш эфектыўнага пераадолення і вырашэння тэрміновай санітарнай сітуацыі, звязанай з “рэдкім” і “занядбанымі” хваробамі. 

Пантыфік нагадаў, што гэта сітуацыя, паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, тычыцца каля 400 млн. чалавек у свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.