2016-11-11 12:28:00

Францішак пра місію католікаў у палітыцы


Папа Францішак нагадаў аб важнасці ўдзелу католікаў у палітыцы. Яны павінны рабіць гэта не дзеля ўлады, эгаізму і грошай, а каб знішчыць муры і няроўнасць. Такую думку Пантыфік выказаў у інтэрв’ю Эўджэніа Скальфары з італьянскай газеты “La Repubblica”, апублікаваным 11 лістапада 2016 г.

Адказваючы на пытанне аб абранні Дональда Трампа 45-м Прэзідэнтам ЗША, Святы Айцец падкрэсліў, што не дае суджэнняў аб людзях і палітычных дзеячах, але цікавіцца вынікамі іх дзейнасці на карысць бедных і маргіналізаваных.

Францішак прызнаўся, што на сённяшні дзень яго найбольш турбуе сітуацыя бежанцаў і мігрантаў. Трэба пераадолець падзелы і спрыяць павышэнню і распаўсюджванню дабрабыту. “Каб дасягнуць гэтага выніку, мы павінны знішчыць муры і пабудаваць масты, якія дазволяць знізіць няроўнасць і ўмацаваць свабоды і правы”, - сказаў ён і дадаў, што няроўнасць – гэта “найбольшае зло, якое існуе ў свеце”, а правакуюць яе грошы.

Каментуючы барацьбу з тэрарызмам на Блізкім Усходзе, Францішак заўважыў, што ў мінулым Касцёл падтрымліваў выкарыстанне зброі, але галоўных вынікаў хрысціянства дасягнула дзякуючы мучанікам, веры і міласэрнасці. Менавіта праз сведчанне мучанікаў яно распаўсюдзілася ва ўсім свеце і сёння налічвае 2,5 млрд. вернікаў розных канфесій, падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.