2016-11-10 11:13:00

Святы Пасад арганізаваў сустрэчу ў ЮНЕСКА на тэму экалогіі


Чалавецтва знаходзіцца перад пагрозай глабальнай экалагічнай катастрофы, але “промні сонца ўжо пачалі пранізваць хмары”, якія пакрылі планету, і несці тое, што папа Францішак называе “цеплынёй надзеі”, лічыць старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”, кардынал Пітэр Тарксан. 9 лістапада 2016 г. ватыканскі іерарх прыняў удзел у сустрэчы, арганізаванай Святым Пасадам у парыжскай сядзібе ЮНЕСКА на тэму “Зямля, наш супольны дом: выклікі і надзея”.

Ён нагадаў, што заклік да аховы навакольнага асяроддзя, які разглядацца праз прызму справядлівасці, здаўна прысутнічае ў навучанні Касцёла, а першыя звароты на гэту тэму, утрымліваюцца яшчэ ў энцыкліцы Льва ХІІІ “Rerum Novarum”, якая была апублікавана напрыканцы XIX ст.
 
Паводле кардынала, змены ў бок адказнага стаўлення да экалогіі – гэта не ўтопія. На працягу некалькіх апошніх гадоў увага да праблем навакольнага асяроддзя з боку міжнароднай супольнасці значна ўзрасла. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца шэраг буйных адмысловых канферэнцый, якія прайшлі ў Адыс-Абебе, Парыжы, Маракешы. Усё гэта, на яго думку, з’яўляецца крокамі да рэвалюцыйных перамен, пераадолення абыякавасці і няроўнасці праз клопат аб Зямлі, супольным дабры і бедных.

Па словах кардынала Тарксана, тэрмінова павінны змяніцца разуменне прагрэсу, спосабы кіравання эканомікай і лад жыцця людзей, да чаго заклікае папа Францішак у сваёй “экалагічнай” энцыкліцы “Laudato si’”. Гэты дакумент дае надзею на пачатак “тысячагоддзя павагі да жыцця, нашага клопату аб Божым стварэнні, нашага клопату пра бедных” у духу салідарнасці, справядлівасці і міру, лічыць ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.