2016-11-09 12:14:00

Папа да “Радыё Марыя”: сейце праўду, дабро, прыгажосць


“Радыё Марыя” набліжае людзям Езуса праз Яго Маці, сказаў Святы Айцец у відэапасланні з нагоды 20-годдзя дзейнасці аргентынскага аддзялення сусветнавядомай радыёстанцыі. Ён назваў каталіцкае СМІ плённым і эфектыўным сродкам камунікацыі.

Францішак таксама падзяліўся сваімі разважаннямі аб праблемах у сучаснай сферы масавай камунікацыі. Сярод важных пагроз ён узгадаў “экзістэнцыяльны наміналізм”, які з’яўляецца верай у існаванне таго, што было сказана. Часта аб нечым гаворыцца, але гэта не робіцца. Менавіта ў такім стаўленні Езус абвінавачваў фарысеяў.

“Хтосьці можа казаць вельмі шмат, але не стымулюе да дзейнасці. Калі хтосьці толькі кажа, а не падштурхоўвае да ўчынкаў, прамаўляе ў наміналістычнай манеры. Не сее, а толькі кажа. А СМІ павінны сеяць, прычым не толькі каталіцкія, але ўсе. Павінны сеяць праўду, дабро, прыгажосць”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў важнасць праўдзівага інфармавання, бо гаварыць паўпраўду, гэта “дэзінфармацыя”, “кепскае інфармаваннее”, якое прычыняе вялікую шкоду і “не дазваляе расці добраму зерню”.

“Радыё Марыя” паўстала ў Італіі ў 1987 г. як асацыяцыя каталіцкіх святароў і вернікаў, мэтай якіх стала стварэнне гукавога СМІ, якое зможа вынесці вучэнне Каталіцкага Касцёла за рамкі асобных парафій і зрабіць яго даступным для ўсіх людзей, нават далёкіх ад Касцёла. У 1998 годзе, італьянская асацыяцыя “Радыё Марыя” стала заснавальніцай Міжнароднай асацыяцыі “Сусветная сям’я “Радыё Марыя” (World Family of Radio Maria). Зараз сетка вяшчае на пяці кантынентах, у больш чым 70 краінах свету. “Радыё Марыя” ва ўсім свеце з’яўляецца некамерцыйным, у яго эфіры не гучыць рэклама, вяшчанне магчыма дзякуючы працы валанцёраў і ахвяраванням радыёслухачоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.