2016-11-08 12:18:00

Легендарнаму папскаму прэс-сакратару – 80


Былы шматгадовы дырэктар Залы Друку Святога Пасаду Хаакін Навара-Вальс 16 лістапада 2016 г. адзначыць свой 80-гадовы дзень нараджэння. Іспанскі ўрач і журналіст, член “Opus Dei”, быў прызначаны кіраўніком ватыканскай прэс-службы ў 1984 г. Янам Паўлам II. На гэтай пасадзе ён заставаўся да смерці Папы, і яшчэ адзін год да сваёй адстаўкі ў 2006 г. быў прэс-сакратаром Бэнэдыкта XVI. У цяперашні час ён незалежны журналіст.

Хаакін Навара-Вальс нарадзіўся ў 1936 г. у Картахене на поўдні Іспаніі. У 1954 г. уступіў у “Opus Dei” і вывучаў мэдыцыну, спецыялізаваўся ў галіне псіхіятрыі. Затым – у 1968 г. – атрымаў журналісцкую адукацыю.

За медыя-падтрымку пантыфікату Яна Паўла II, які адносіўся да яго з вялікім даверам, Навара-Вальс атрымаў шматлікія журналісцкія ўзнагароды ў Італіі. “Ян Павел II заўсёды прысутнічае ў маім жыцці”, - прызнаўся легендарны прэс-сакратар у адным з інтэрв’ю. Ён паўтарыў гэта публічна ў 2011 г. з нагоды беатыфікацыі Папы.

Пасля выхаду на пенсію Навара-Вальс працуе, між іншым, у якасці каментатара на першым канале італьянскага тэлебачання “RAI”. З 2007 г. ён з’яўляецца старшынёй назіральнага савета Біямедыцынскага ўніверсітэта прэлатуры “Opus Dei”, а з 2009 г. – старшынёй фонду “Telecom Italia”. Яго каментары часта можна пачуць на хвалях Ватыканскага радыё.








All the contents on this site are copyrighted ©.