2016-11-07 11:35:00

Супрацоўнік новай дыкастэрыі пра моладзевую адзіноту


Многія маладыя людзі сёння, нягледзячы на сотні сяброў у “Facebook”, прабываюць у адзіноце і нават роспачы, заўважыў кіраўнік моладзевай секцыі новастворанай ватыканскай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Кс. Жоао Шагас быў госцем міжнароднай сустрэчы, прысвечанай моладзеваму душпастырству, якая праходзіла ў выходныя ў Вене. 

Чым больш “сяброў”, тым часцейшая адзінота. Вобраз маладога чалавека ў сацыяльных сетках, гэта празмерна аптымістычная карціна, якая дэманструе маску, з мэтай пазбегнуць насмешак, так падсумаваў сітуацыю 42-гадовы бразільскі святар, які быў адным з адказных за арганізацыю Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра і Кракаве. 

Ватыканскі госць заклікаў больш слухаць моладзь у Касцёле. Ён спаслаўся на папу Францішка, які заклікаў да міласэрнасці і цярплівасці, маючы на ўвазе не заўсёды шчаслівыя бакі жыцця маладых людзей. Яны патрабуюць, каб іх слухалі і кіравалі на правільны шлях. Моладзь павінна адчуваць сябе ў Касцёле прынятай са сваімі слабасцямі, таму што гэтага яны не знаходзяць у сацыяльных сетках.

Кс. Жоао Шагас бачыць у многіх краінах рост моладзевай рэлігійнасці. Аднак, у перыяд з 1970 па 2000 гг. Касцёл страціў многіх вернікаў, асабліва маладых. Сёння не дастаткова вырасці ў каталіцкай традыцыі, нагадаў супрацоўнік ватыканскай дыкастэрыі, старажытная рэлігійная культура ў многіх месцах ўжо не існуе. Маладыя людзі сёння з’яўляюцца католікамі, таму што яны спазналі жывы досвед веры. Тут гаворка ідзе пра малітву, супольнасць і паслугу для іншых.








All the contents on this site are copyrighted ©.