2016-11-05 12:17:00

Святы Пасад заклікае да дапамогі палестынскім бежанцам


На змену патоку зброі, які навадніў блізкаўсходні рэгіён, павінна прыйсці даступная для бежанцаў і прымусовых перасяленцаў гуманітарная дапамога, - сказаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН 4 лістапада 2016 г. падчас выступлення ў рамках 71-й сесіі Генеральнай Асамблеі арганізацыі.

Справаздача Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі работ (UNRWA) за 2015 г. “малюе вельмі выцверажальную карціну фінансавых праблем і недапушчальнай сітуацыі, калі больш за 5 мільёнаў палестынцаў патрабуюць гуманітарнай дапамогі”, - адзначыў арцыбіскуп Ауса. Ён нагадаў, што дзейнасць агенцтва распаўсюджваецца, у тым ліку, і на тэрыторыі, якія з’яўляюцца сэрцам хрысціянства. Хрысціяне, якія на працягу двух тысячагоддзяў складалі частку культуры і гісторыі насельніцтва рэгіёна, сёння – у ліку бежанцаў, якія патрабуюць дапамогі. “Прыгнечаныя жорсткім пераследам, а часам нават адкрытымі забойствамі, і суровай геапалітычнай рэчаіснасцю рэгіёна, яны вымушаны пакідаць свае дамы, становячыся прымусовымі перасяленцамі, або накіроўвацца за межы рэгіёну ў пошуках міру і бяспекі”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што ў справе аказання дапамогі гэтым катэгорыям людзей эфектыўна працуюць шматлікія каталіцкія структуры. Для дзяцей і дарослых, незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці, арганізуюцца адукацыйныя праграмы, ім аказваюцца медыцынскія і сацыяльныя паслугі. Гэтая дзейнасць становіцца магчымай дзякуючы фінансавай падтрымцы ахвярадаўчых арганізацый, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса. Тым не менш, “наяўныя сродкі не адпавядаюць патрэбам, якія пастаянна растуць”.

Сітуацыя на Блізкім Усходзе застаецца складанай. Мірны працэс паміж Ізраілем і Палестынай зайшоў у тупік. Аднабаковыя дзеянні і правакацыйныя дыскусіі прывялі да напружанасці і насілля на Заходнім Беразе, у сектары Газа і ва Усходнім Ерусаліме. “Злачынствы ў адносінах да бежанцаў здзяйсняюцца штодня”, - сказаў іерарх і дадаў, што сумныя высновы справаздачы “не даюць вялікай надзеі на тое, што варварскія ўчынкі ў дачыненні да мірнага насельніцтва і палестынскіх бежанцаў у хуткім часе скончацца”.

Арцыбіскуп Ауса падзякаваў Лівану і Іарданіі за згоду прымаць бежанцаў на сваіх тэрыторыях і заклікаў міжнародную супольнасць аказаць дапамогу гэтым краінам у іх намаганнях забяспечыць стабільнасць і годныя умовы жыцця як для мясцовых жыхароў, так і для шматлікіх мігрантаў.

Святы Пасад у чарговы раз нагадаў аб неабходнасці адмовіцца ад ваенных дзеянняў і распачаць двухбаковы міратворчы дыялог. “На змену патоку зброі, які навадніў рэгіён з усяго зямнога шара, павінна прыйсці даступная для бежанцаў і прымусовых перасяленцаў гуманітарная дапамога”, - заклікаў арцыбіскуп Ауса.








All the contents on this site are copyrighted ©.