2016-11-05 13:00:00

Пантыфік прыняў прадстаўнікоў дынастыі Габсбургаў


Святы Айцец прыняў 5 лістапада 2016 г. у Ватыкане членаў роду Габсбургаў, якія прыбылі сюды ў сувязі з Годам Міласэрнасці. Ён падзякаваў за тое, што  пілігрымка адбываецца ў сямейным коле і нагадаў пра тое багацце сувязяў і разнастайнасці, якое прапануе сям’я, што мае асаблівае значэнне ў наш час.

Пантыфік звярнуў увагу на постаць благаслаўлёнага Карла Аўстыйскага, апошняга правіцеля з дынастыі Габсбургаў. “Яго духоўная прысутнасць сярод вас прычыняецца да таго, каб сёння сям’я Габсбургаў не заставалася толькі нечым з настальгічнага мінулага, але, наадварот, актыўна прысутнічала ў сучаснай гісторыі з яе праблемамі і патрэбамі”, - адзначыў Папа. Ён падзякаваў прадстаўнікам адной з найбольш магутных манаршых дынастый Еўропы за вядучую ролю ў ініцыятывах па падтрымцы салідарнасці і чалавечага і культурнага развіцця, за падтрымку праекту Еўропы як агульнага дома, заснаванага на агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцях.

Францішак прызнаўся, што з радасцю даведаўся, што з сям’і Габсбургаў выйшлі пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Хрысціянская сям’я з’яўляецца першай глебай, у якой насенне паклікання можа прарастаць і развівацца, сказаў ён.

Пантыфік яшчэ раз узгадаў постаць благаслаўлёнага Карла Аўстыйскага і падкрэсліў, што, у першую чаргу, ён быў добрым сем’янінам і слугой жыцця і міру. Ён дасканала ведаў, што такое вайна, бо быў простым салдатам у пачатку Першай сусветнай. Уступіў на трон у 1916 г. і, паслухаўшы папу Бэнэдыкта XV, зрабіў усё, што ад яго залежыць, для міру, не баючыся быць незразуметым і высмеяным. І сёння яго прыклад як ніколі актуальны, і мы можам звяртацца да яго як да заступніка, каб атрымаць ад Бога мір для чалавецтва, сказаў Францішак на заканчэнне сустрэчы з сям’ёй Габсбургаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.