2016-11-04 12:48:00

Францішак маліўся за памерлых кардыналаў і біскупаў


Францішак цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі памерлых на працягу бягучага году кардыналаў і біскупаў, “якія дасягнулі сваёй апошняй мэты пасля служэння Касцёлу і ўмілаванаму Езусу”. Літургія прайшла 4 лістапада 2016 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра. 

У сваёй гаміліі Папа нагадаў, што лістапад у Касцёле прысвечаны ўспаміну пра памерлых вернікаў і разважанню над канчатковай сустрэчай з Панам – “суддзёй, рысамі якога з’яўляюцца міласэрнасць і літасць”. Святы Айцец заклікаў да ўдзячнасці памерлым цягам апошніх дванаццаці месяцаў іерархам за “хрысціянскае і святарскае сведчанне”, якое яны пакінулі пасля сябе.

“Яны добра ведалі, што наша зямное пілігрымаванне завяршаецца ў доме Нябеснага Айца і толькі там ёсць завяршэнне, адпачынак і спакой. Да гэтага дому нас вядзе Пан Езус, наша дарога, праўда і жыццё”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, “кардыналы і біскупы, якіх сёння ўспамінаем у малітве, усім сваім жыццём, асабліва пасля яго кансэкрацыі для Бога, прысвячалі сябе сведчанню і нясенню іншым любові Езуса”, і “з дапамогай слова і прыкладу, яны заклікалі вернікаў рабіць тое ж”.

“У імя Бога міласэрнасці і прабачэння іх рукі благаслаўлялі і даравалі адпушчэнне грахоў, іх словы суцяшалі і высушвалі слёзы, іх прысутнасць давала красамоўнае сведчанне таго, што дабрыня Бога – невычэрпная, а Яго міласэрнасць – бясконцая. Некаторыя з іх былі пакліканы даваць гераічнае сведчанне Евангелля, зносячы цяжкія выпрабаванні”, - падкрэсліў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў з надзеяй чакаць дня асабістай сустрэчы з светлым і міласэрным абліччам Нябеснага Айца, памятаючы аб матчынай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.