2016-11-04 12:37:00

Пантыфік прадставіў малітоўную інтэнцыю на лістапад


Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў 3 лістапада 2016 г. праз свой канал у “Youtube” відэаролік, у якім папа Францішак паведамляе і тлумачыць сваю малітоўную інтэнцыю на лістапад. Пантыфік запрашае маліцца, “каб краіны, якія прымаюць вялікую колькасць бежанцаў і мігрантаў, былі падтрыманыя ў сваім памкненні да салідарнасці”.

“Ці можа краіна самастойна супрацьстаяць цяжкасцям, якія правакуе моцная міграцыя?” - гучыць пытанне Францішка, пакуль на экране змяняюць адзін адно твары бежанцаў, што прыязджаюць у чужыя для сябе краіны.

“Мы павінны пераадолець абыякавасць і страх прыняць іншага, бо гэтым іншым мог бы быць ты або я”, - працягнуў сваё разважанне Пантыфік. Гэтыя словы суправаджаюцца фрагментамі відэазапісаў, зробленых падчас асобных сустрэч Святога Айца з бежанцамі і мігрантамі.

Пантыфік запрасіў гледачоў далучыцца да яго малітвы ў інтэнцыі людзей, якія былі вымушаны пакінуць свае краіны і цяпер шукаюць прытулку ў іншых частках свету.

У якасці евангелізацыйнай інтэнцыі на лістапад Папа прапанаваў малітву аб тым, “каб у парафіях святары і свецкія вернікі супрацоўнічалі ў служэнні супольнасці, не паддаючыся расчараванням”.








All the contents on this site are copyrighted ©.