2016-11-04 12:07:00

Ватыканскі дыпламат з візітам на Кіпры


Апостальская Сталіца падтрымлівае намаганні ўладаў у Нікасіі на карысць міру на Кіпры, сказаў 2 лістапада 2016 г. сакратар па адносінах Святога Пасаду з Дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ён знаходзіцца з афіцыйным візітам у міжземнаморскай краіне. Там прайшла яго сустрэча з міністрам замежных спраў Іяанісам Кусулідзісам, з якім былі абмеркаваны бягучыя палітычныя пытанні, што маюць – як падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні – экуменічнае значэнне.

Паводле ватыканскага дыпламата, яго прысутнасць на Кіпры сведчыць пра існаванне выдатных двухбаковых адносін. “Магу сказаць, што я стаў сведкам вялікага духу супрацоўніцтва і талерантнасці, які існуе там паміж рознымі сектарамі грамадства. Мы, вядома, падтрымліваем усе намаганні ў напрамку ўмацавання міру, бяспекі і ліквідацыі праблем, якія перажывае Кіпр”, - сказаў арцыбіскуп. Ён нагадаў, што папа Францішак пастаянна заахвочвае да “культуры сустрэчы”, якая прадугледжвае магчымасць вырашэння сваіх праблем і супрацоўніцтва ў пошуку выхаду із іх.

Падчас сустрэчы абмяркоўвалася пытанне міграцыі і неабходнасць захавання правоў людзей, вымушаных бегчы са сваёй радзімы. “Як сапраўдныя хрысціяне, мы павінны праяўляць спачуванне і мець чалавечае стаўленне да гэтых пытанняў”, - сказаў міністр Кусулідзіс. Гаворка ішла таксама пра падзеі ў Ліване, Сірыі і Іраку і лёс хрысціян у Масуле.








All the contents on this site are copyrighted ©.