2016-11-03 14:45:00

Юбілеі вязняў і бедных пройдуць у Ватыкане


Каля тысячы асоб, асуджаных да адбывання пакарання ў розных краінах свету прымуць удзел у Юбілеі вязняў, арганізаваным у Ватыкане з нагоды Юбілею Міласэрнасці. У падзеі паўдзельнічаюць таксама члены іх сем’яў, супрацоўнікі пэнітэнцыярных устаноў, турэмныя капеланы і валанцёры, якія працуюць у гэтай сферы.

Пілігрымы прыбудуць з дванаццаці краін: Англіі, Італіі, Латвіі, Мадагаскару, Малайзіі, Мексікі, Галандыі, Іспаніі, ЗША, Паўднёваафрыканскай Рэспублікі, Швецыі і Партугаліі, распавёў 3 лістапада 2016 г. старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела.

Юбілей вязняў будзе праходзіць два дні. 5 лістапала яго ўдзельнікі змогуць прыступіць да сакрамэнту споведзі і прайсці праз Святы Дзверы ватыканскай базылікі. На наступны дзень яны прымуць удзел у Эўхарыстыі з Пантыфікам на плошчы св. Пятра. Папярэднічаць літургіі будуць чатыры сведчанні. Адно з іх складзе чалавек, якія быў асуджаны за злачынства і затым пакаяўся, а таксама ахвяра яго злачынства, з якой ён прымірыўся. Іншым сведчаннем падзеліцца брат забітага чалавека, які знайшоў у сабе сілы для прабачэння забойцы. Прагучаць таксама гісторыі непаўналетняга вязня і супрацоўніка турэмнай паліцыі.

Некаторыя зняволеныя будуць служыць як міністранты падчас св. Імшы. Гостыі для гэтай літургіі былі зроблены ў адной з міланскіх турмаў. Вязні будуць прымаць удзел у Эўхарыстыі ў спецыяльна вылучаным для іх сектары на плошчы св. Пятра.

Яшчэ адной буйной ватыканскай падзеяй стане Юбілей бедных. Ён пройдзе 11-13 лістапада. У ім прымуць удзел каля 6 тыс. чалавек з Францыі, Германіі, Партугаліі, Англіі, Іспаніі, Польшчы, Галандыі, Італіі, Венгрыі, Славакіі, Харватыі і Швейцарыі.

Арцыбіскуп Фізікела нагадаў, што 13 лістапада 2016 г. адбудзецца ўрачыстае закрыццё Брамаў Міласэрнасці ва ўсіх касцёлах і санктуарыях свету, за выключэннем ватыканскай базылікі. Тут завяршэнне Юбілейнага Году пройдзе 20 лістапада.








All the contents on this site are copyrighted ©.