2016-11-02 12:22:00

Кардынал Кох: экуменізм вельмі блізкі Францішку


Францішак заклікае да адважнага будавання адзінства паміж хрысціянамі, нагадваючы, што паміж імі больш таго, што аб’ядноўвае, чым таго, што падзяляе, падкрэсліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох, каментуючы візіт Святога Айца ў Швецыю. Ён прайшоў з 31 кастрычніка па 1 лістапада 2016 г., з нагоды ўспаміну 500-годдзя Рэфармацыі.

Экуменізм вельмі блізкі і вельмі важны для Пантыфіка, адзначыў ён. Ватыканскі пурпурат сказаў, што ў такой перспектыве ўдзячны Францішку за тое, што ён прыняў запрашэнне лютэран прыбыць у Швецыю з нагоды юбілею Рэфармацыі.

Паводле кардынала Коха, Папа быў вельмі задаволены гэтай пілігрымкай і з глыбокай увагай слухаў прамовы прадстаўнікоў Лютэранскай Царквы, а таксама сведчанні асоб з розных кантынентаў, якія прагучалі падчас экуменічных сустрэч у Лундзе і Мальмё. 

Францішак заклікае ісці наперад, з адвагай працягваць дыялог і не баяцца патрабуючых адказу выклікаў, перакананы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. На думку ватыканскага кардынала, візіт Францішка ў Швецыю з’яўляецца гістарычным і, несумненна, будзе высока ацэнены ў пратэстанцкім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.