2016-11-02 12:37:00

Вядомы ватыканскі іерарх перанёс інсульт


Шматгадовы кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый падчас пантыфікату Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Пьера Марыні ў ноч з нядзелі на панядзелак перанёс інсульт. У цяперашні час іерарх, які з’яўляецца старшынёй Папскага камітэта па Міжнародных эўхарыстычных кангрэсах, знаходзіцца ў бальніцы ў Амэна на востраве Иск’я блізу Неапаля.

Арцыбіскуп Марыні прабываў у парафіі Добрага Пастыра ў Амэна ў якасці госця. Мясцовы пробашч знайшоў яго ў панядзелак раніцай напаўпрытомным. Па прыбыцці ў бальніцу, лекары сцвердзілі, што арцыбіскуп перанёс інсульт і неабходна шпіталізацыя. Магчыма, ён будзе дастаўлены ў бальніцу Джэмэлі ў Рыме, бо яго стан выклікае сур’ёзныя асцярогі ўрачоў у сувязі з бесперапынным ваганнем артэрыяльнага ціску.

Арцыбіскупу Марыні 74 гады, ён нарадзіўся ў Вальвэрдэ ў Ламбардыі. У Службе папскіх літургічных цэлебрацый пачаў працаваць у 1970 г., а праз пяць гадоў атрымаў званне папскага цырымонімайстра. У 1985 г. перайшоў на працу ў Рымскую Курыю і стаў падсакратаром Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. У лютым 1987 г. стаў кіраўніком Службы папскіх літургічных цэлебрацый, у 1998 г. – біскупам. У кастрычніку 2007 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў яго старшынёй Папскага камітэта па Міжнародных эўхарыстычных кангрэсах.








All the contents on this site are copyrighted ©.