2016-11-01 11:21:00

Пантыфік у Мальмё: святыя – па-сапраўднаму шчаслівыя


Святых называюць шчаслівымі, бо яны спазналі таямніцу сапраўднага шчасця, якое жыве ў глыбіні душы і крыніцай якога з’яўляецца Божая любоў, сказаў Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 1 лістапада 2016 г. на “Swedbank Stadion” у Мальмё, у рамках свайго візіту ў Швецыю.

Спасылаючыся да ўрачыстасці Усіх Святых, Пантыфік падкрэсліў, што ў гэты дзень успамінаюцца не толькі тыя, хто былі абвешчаны святымі на працягу гісторыі, але таксама “нашы браты, якія пражылі сваё хрысціянскае жыццё ў поўні веры і любові з простатой і незаўважнасцю”, сярод якіх мноства “нашых сваякоў, сяброў і знаёмых”.

“Такім чынам сёння мы святкуем святасць. Тую святасць, якая часам не праяўляецца ў вялікіх справах ці надзвычайным поспеху, але якая здольная верна і штодзённа жыць патрабаваннямі хросту. Тую святасць, якая складаецца з любові да Бога і бліжняга, вернай любові аж да забыцця пра самога сябе і поўнага дару з сябе бліжняму, як жыццё тых маці і бацькаў, што ахвяруюць сабой дзеля сваіх сем’яў са здольнасцю ахвотна адмаўляцца, хоць гэта і нялёгка, ад мноства рэчаў, праектаў і асабістых планаў”, - сказаў Папа. 

Па словах Францішка, святыя – па-сапраўднаму шчаслівыя. Іх жыццём, мэтай і Айчынай з’яўляюцца  евангельскія благаслаўленні – шлях, які Пан указвае, каб мы маглі наследаваць Яго. Сярод усіх евангельскіх благаслаўленняў Папа  вылучыў адно: “шчаслівыя лагодныя”. 

“Лагоднасць – гэта лад жыцця, які набліжае да Езуса і робіць нас з’яднанымі паміж сабой. Яна дапамагае адкінуць усё, што нас раздзяляе і супрацьпастаўляе і шукаць новыя спосабы, каб ісці наперад па шляху да адзінства, як рабілі сыны і дочкі гэтай зямлі, сярод якіх: св. Марыя Элізабэта Хэсэльблад, нядаўна кананізаваная, св. Брыгіта Шведская, апякунка Еўропы. Яны маліліся і працавалі, каб умацаваць сувязі еднасці і адзінства паміж хрысціянамі. Вельмі красамоўным знакам з’яўляецца тое, што менавіта ў іх краіне, пазначанай суіснаваннем вельмі розных народаў, мы супольна ўспамінаем 500-годдзе Рэфармацыі. Святыя дасягаюць пераўтварэнняў дзякуючы сардэчнай лагоднасці. Дзякуючы ёй мы разумеем веліч Бога і з шчырасцю аддаем Яму пашану. Акрамя таго, гэта пастава тых, каму няма чаго губляць, бо яго адзіным багаццем з’яўляецца Бог”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, евангельскія благаслаўленні – гэта “пашпарт хрысціяніна”, па якім можна пазнаць у ім вучня Езуса. Ён заклікаў імкнуцца быць шчаслівымі  наследуючы Езуса і перамагаючы пакуты і трывогі нашага часу з Яго духам і любоўю. 

“Шчаслівыя, якія з верай пераносяць зло, што іншыя ім чыняць і якія прабачаюць ад сэрца; шчаслівыя, якія глядзяць у вочы адрынутым і маргіналізаваным дэманструючы сваю блізкасць; шчаслівыя, якія пазнаюць Бога ў кожнай асобе і змагаюцца за тое, каб і іншыя Яго пазнавалі; шчаслівыя, якія бароняць і атуляюць клопатам супольны дом; шчаслівыя, якія адмаўляюцца ад ўласнага дабрабыту дзеля дабра іншых; шчаслівыя, якія моляцца і працуюць дзеля поўнага адзінства хрысціян. Усе яны з’яўляюцца носьбітамі міласэрнасці і пяшчоты Бога, і канешне атрымаюць ад Яго заслужаную ўзнагароду”, - сказаў Папа. 

Напрыканцы сваёй гаміліі Папа нагадаў, што пакліканне да святасці тычыцца кожнага чалавека. “Святыя натхняюць нас сваім жыццём і заступніцтвам перад Богам і мы маем патрэбу адно ў адным, каб станавіцца святымі”, - сказаў ён і заклікаў прасіць Бога аб гэтай ласцы і магчымасці разам працаваць дзеля адзінства хрысціян.








All the contents on this site are copyrighted ©.