2016-10-31 11:20:00

Святога Айца прывіталі ў аэрапорце Мальмё


Цырымонія прывітання папы Францішка прайшла 31 кастрычніка 2016 г. у Міжнародным аэрапорце Мальмё. У 11.00 па мясцовым часе самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце прызямліўся на шведскай зямлі.

У прысутнасці ганаровай варты Святога Айца сустрэлі прэм’ер-міністр Швецыі Стэфан Лёвэн і міністр культуры і дэмакратыі Аліс Ба Кунке. На цырымоніі прывітання прысутнічалі таксама іншыя прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, некаторыя члены Сусветнай лютэранскай федэрацыі, мясцовыя каталіцкія іерархі і дыпламаты Апостальскай Сталіцы.

Пасля выканання гімнаў Ватыкану і Швецыі і прадстаўлення дэлегацый Францішак правёў кароткую прыватную размову з прэм’ер-міністрам і міністрам культуры і дэмакратыі. Затым на аўтамабіле ён накіраваўся ў Ігелёсу – прадмесце Лунду, дзе на тэрыторыі медыцынскага навукова-даследчага цэнтру “Igelösa Life Science Community” будзе знаходзіцца яго рэзідэнцыя падчас прабывання ў Швецыі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.