2016-10-31 19:37:00

Папа да католікаў і лютэран: разам дапамагаць бедным


Паміж католікамі і лютэранамі існуе больш таго, што аб’ядноўвае, чым таго, што раздзяляе, сказаў Святы Айцец падчас экуменічнай падзеі з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі. Яна прайшла вечарам 31 кастрычніка 2016 г. на тэрыторыі спартыўнага комплексу ў горадзе Мальмё.

Францішак падкрэсліў, што адным з плёнаў дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй стала супрацоўніцтва ў розных галінах сацыяльнай і гуманітарнай дзейнасці. 

Спасылаючыся на прагучаўшыя падчас сустрэчы сведчанні, Папа з удзячнасцю заўважыў, што ў кантэксце шматлікіх выклікаў існуюць людзі, якія прысвячаюць сябе будаванню свету, які адпаведае Божай задуме.

У першую чаргу ён адзначыў важнасць супольнай дзейнасці ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. “Мы ўсе адказныя за ахову стварэння, асабліва хрысціяне. Наш лад жыцця, нашы паводзіны павінны адпавядаць нашай веры. Мы пакліканы развіваць гармонію з самімі сабой і іншымі, а таксама з Богам і плёнам Яго рук”, - дадаў Папа.

Каментуючы сведчанне аб супольнай сацыяльнай працы католікаў і лютэран у Калумбіі Пантыфік папрасіў аб асаблівай малітве за мір у гэтай краіне, які з’яўляецца “вельмі жаданым і неабходным для годнага чалавечага жыцця”.

Падчас мерапрыемства прагучалі сведчанні бежанцаў з Бурундзі і Паўднёвага Судану, якія знайшлі ў сябе сілы дапамагаць людзям, што знаходзяцца ў яшчэ горшых сітуацыях. “Для нас хрысціян прыярытэтам з’яўляецца выйсце насустрач адрынутым і маргіналізаваным нашага свету і заданне рабіць датыкальнай пяшчоту і міласэрную любоў Бога, які не адкідае нікога, але прымае ўсіх”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў удзельнікаў каталіцка-лютэранскай сустрэчы не дазволіць варожасці ўзяць верх над сабой і працаваць у еднасці. “Калі вернемся дамоў, возьмем на сябе абавязак штодзённа рабіць адзін жэст супакою і прымірэння, каб быць адважнымі і вернымі сведкамі хрысціянскай надзеі”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне экуменічнай падзеі на “Мальмё-Арэне” прадстаўнікамі каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas Internationalis” і Сусветным служэннем Сусветнай лютэранскай федэрацыі было падпісана пагадненне аб сумеснай працы ў спрыянні развіццю культуры супрацоўніцтва на карысць чалавечай годнасці і сацыяльнай справядлівасці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.