2016-10-29 13:21:00

Францішак: Лютэр уклаў Біблію ў рукі народу


“Здолець зрабіць крок да збліжэння з братамі і сёстрамі, якія жывуць у Швецыі” – так папа Францішак акрэсліў мэту свайго двухдзённага візіту ў гэту скандынаўскую краіну, які пачнецца 31 кастрычніка 2016 г. з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі. Напярэдадні паездкі Пантыфік даў вялікае інтэрв’ю двум езуіцкім выданням: шведскаму “Signum” і італьянскаму “La Civiltà Cattolica”. 

Ён распавёў, што знаёмы з лютэранамі яшчэ з юнацтва, а будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса заўсёды падтрымліваў з імі сяброўскія адносіны. Францішак падкрэсліў важнасць імкнення “ісці разам” для канфесій, каб “не заставацца замкнёнымі ў непарушных перспектывах, бо ў іх няма магчымасці для пераўтварэнняў”.

На думку Францішка, існуюць дзве рэчы, якім Каталіцкі Касцёл можа навучыцца ў лютэранскай традыцыі. У першую чаргу – гэта “рэформа”. Пантыфік заўважыў, што першапачатковым жаданнем Лютэра было здзяйсненне пераўтварэнняў унутры Касцёла ў скаладаны для яго перыяд. Але, нажаль, у выніку шэрагу прычын, гэта прывяло да падзелу. Папа падкрэсліў, што “рэформа” – гэта фундаментальна важны для Касцёла працэс, аб якім гаварылася і напярэдадні апошняга канклаву.

Іншым элементам, якому лютэране могуць навучыць католікаў, з’яўляецца знаёмства са Святым Пісаннем. Францішак падкрэсліў, што “Лютэр зрабіў вялікі крок, каб укласці Божае слова ў рукі народу”.

Папа заўважыў таксама, што тэалагічны дыялог паміж канфесіямі павінен працягвацца, але важнай з’яўляецца і сумесная малітва, дапамога хворым, бедным, зняволенным, праца ў адукацыйнай сферы. “Важна працаваць разам, а не разрознена”, заўсёды памятаючы, што “празелітызм – заганная пазіцыя” і што існуе “экуменізм крыві”, сказаў ён.

Напрыканцы размовы Святы Айцец выказаў пажаданне, каб нешматлікая каталіцкая супольнасць Швецыі, якую пераважна складаюць мігранты з розных частак свету, пражывала сваю веру і ўласнае сведчанне ў духу адкрытасці і экуменізму, бо немагчыма быць “католікамі і адначасова адасобленымі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.