2016-10-29 11:13:00

Кардынал Паралін: візіт Папы ў Швецыю – гістарычная падзея


Гістарычнай падзеяй назваў візіт Святога Айца ў Швецыю з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін ў інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру. Францішак наведае гэту скандынаўскую краіну з 31 кастрычніка па 1 лістапада 2016 г. 

Бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што раней кожнае стагоддзе Рэфармацыі адзначалася ў духу палемікі, супрацьстаяння і нават варожасці. Сёлета гэта не так. “Упершыню католікі, праз прысутнасць Папы, і лютэране разам успамінаюць 500-годдзе Рэфармацыі. Я думаю, што сапраўды можна казаць пра гістарычны момант, вяху на шляху прымірэння і супольнага пошуку адзінства паміж Цэрквамі і царкоўнымі супольнасцямі”, - сказаў ён. 

Паводле кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, гэта важная падзея з’яўляецца плёнам дыялогу, які развіўся на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў, абапіраючыся на патрабаванні Другога Ватыканскага Сабору. Мэта гэтага дыялогу, на яго думку, заключаецца ў пераадоленні цяжкасцяў, стварэнні даверу паміж бакамі і выяўленні, у першую чаргу, таго, што яднае католікаў і лютэран, а не дзеліць і разлучае іх. 

Кардынал Паралін адзначыў, што прымірэнне, якога шукаюць бакі, павінна пайсці на карысць супольнаму сведчанню перад светам, перамяніцца ў сустрэчу, спагадлівую любоў да шматлікіх асобаў, якія ў свеце пакутуюць ад розных прычын. Гэта пасланне скіравана, у першую чаргу, да маладых вызнаўцаў абедзьвюх канфесій, падкрэсліў пурпурат.

Сведчанне католікаў і лютэран, паводле яго слоў, павінна быць накіравана супраць матэрыялізму, закрытасці ў гарызонце зямных каштоўнасцяў, пазбаўленай адкрытасці на трансцэндэнтнасць, на Бога. “Католікі і лютэране пакліканы разам сведчыць, у імя супольнай веры ў Езуса Збаўцы, аб усёй прыгажосці, ззянні і радасці веры, якую маюць”, - дадаў высокі ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.