2016-10-28 13:36:00

Папа прыняў адказных за кансэкраванае жыццё з усяго свету


28 кастрычніка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане удзельнікаў першай Міжнароднай канферэнцыі Біскупскіх вікарыяў і дэлегатаў па справах кансэкраванага жыцця. 

“Кансэкраванае жыццё – гэта дар для Каталіцкага Касцёла; ён нараджаецца ў Касцёле, узрастае ў Касцёле і цалкам арыентаваны на Касцёл” - гэтымі словамі з Апостальскага ліста “A tutti i consacrati” распачаў свой зварот да ўдзельнікаў форума Святы Айцец. Ён заклікаў пастыраў усіх каталіцкіх супольнасцеяў клапаціцца аб распаўсюджанні разнастайных харызматаў, суправаджаць кансэкраваных асоб з пяшчотай і любоўю, тлумачыць вернікам каштоўнасць манаскага жыцця.

Законнікаў і законніц Пантыфік перацярог ад небяспекі памылковага разумення сутнасці “аўтаноміі” і яе падмены паняццямі ізаляцыі і незалежнасці. Кансэкраваныя асобы павінны памятаць, “што з’яўляюцца не “закрытай спадчынай”, а складнікам Каталіцкага Касцёла, звернутым да цэнтра, якім з’яўляецца Езус”, сказаў ён.

Францішак нагадаў аб адказнасці, якую бяруць на сябе дыяцэзіяльныя біскупы, прызнаючы і зацвярджаючы новыя інстытуты кансэкраванага жыцця. Яны павінны браць пад увагу арыгінальнасць харызмату новай супольнасці, яе скіраванасць да евангелізацыйнай місіі, рэлігійную сталасць заснавальніка, імкненне да еднасці з Паўсюдным Касцёлам. Нарэшце, Папа нагадаў “пра абавязак папярэдне раіцца з Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця”.

Засноўваючы новы інстытут кансэкраванага жыцця, нельга думаць толькі пра карысць для канкрэтнай каталіцкай супольнасці, сказаў Пантыфік, бо новая структура прызначана расці і выходзіць за межы дыяцэзіі, у якой з’явілася.

“Вы выконваеце важную ролю ва ўзаемаадносінах паміж пастырамі і кансэкраванымі асобамі; я ведаю, што гэтая тэма будзе разглядацца падчас канферэнцыі”, - звярнуўся да аўдыторыі Святы Айцец і ў чарговы раз нагадаў, што “не існуе ўзаемаадносін там, дзе адны камандуюць, а іншыя падпарадкоўваюцца з-за страху або для прыліку”. “Узаемаадносіны існуюць там, дзе развіваюцца дыялог, паважлівае выслухоўванне, узаемная гасціннасць, сустрэчы і веды, супольныя пошукі праўды, імкненне да братэрскага супрацоўніцтва на карысць Касцёла, які з’яўляецца супольным домам”, - падкрэсліў Пантыфік.

Асобную ўвагу ён звярнуў на ролю кантэмпляцыйных жаночых манаскіх супольнасцяў. Яны ўвасабляюць у Касцёле “сэрца ў малітве, захавальніка бескарыслівасці і багатай апостальскай урадлівасці”, якая дае “каштоўныя плады Божай ласкі і міласэрнасці”, “святасці ў яе разнастайнасці”. Францішак заклікаў суправаджаць іх з братэрскай любоўю, дапамагаючы ва ўсім, што мае дачыненне да сутнасных элементаў іх жыцця. “Засяроджванне ўсёй увагі на адным элеменце, якім бы важным ён ні падаваўся, як у выпадку з кляўзурай або аўтаноміяй, можа прывесці да парушэння жыццёвай раўнавагі і сумных наступстваў для жыцця гэтых сясцёр”, - дадаў Святы Айцец.

На завяршэнне прамовы Францішак пажадаў удзельнікам сустрэчы любіць кансакраванае жыццё і імкнуцца да яго глыбокага пазнання, будаваць узаемаадносіны, зыходзячы з “тэалогіі агульнасці”, з прынцыпу аднолькавай істотнасці як іерархічных, так і харызматычных дароў, з годнай аўтаноміі, якая ўласціва кансакраваным асобам.








All the contents on this site are copyrighted ©.