2016-10-27 12:33:00

500-год Рэфармацыі: гэтага не можна святкаваць


Адзначэнне 500-годдзя Рэфармацыі павінна стаць падзякай за 50 гадоў каталіцка-лютэранскага дыялогу, у надзеі, што гэта прынясе новы плён збліжэння і стане пакаяннем за ўсе беды, учыненыя на працягу гэтых 500 гадоў. Гэты пункт гледжання агучыў 26 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане падчас сустрэчы з журналістамі старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох.

Іерарх адзначыў, што самае галоўнае, духоўнае экуменізм, які злучае людзей на ўнутраным узроўні. Але таксама важныя культурныя праявы экуменізму, напрыклад, выступленні калектываў розных канфесій у Ватыкане і каталіцкіх у іншых хрысціянскіх супольнасцях, і, вядома, тэалагічны экуменізм.

Кардынал узгадаў сумесны каталіцка-лютэранскі дакумент “Ад канфлікту да камуніі”, які выйшаў тры гады таму, і ў якім абодва бакі падкрэсліваюць, што адзначэнне гадавіны Рэфармацыі базуецца на “трох моцных пунктах”. Па-першае, гэта падзяка за ўсё агульнае, што было выяўлена на працягу паўвекавога каталіцка-лютэранскага дыялогу. Другім моцным пунктам з’яўляецца надзея, што супольнае адзначэнне можа прынесці добрыя плады ў будучыні. Пераходзячы да трэцяга пункту кардынал Кох адзначыў, што Марцін Лютэр не хацеў ствараць падзелаў або новыя Цэрквы; яго жаданнем было абнавіць Каталіцкі Касцёл, але ў яго часы гэта не ўяўлялася магчымым, і прывяло да падзелу і нават страшных войнаў, напрыклад, 30-гадовай вайны, якая ператварыла Еўропу ў чырвонае мора крыві. І таму відавочна, што мы “не можам гэтага святкаваць, за гэта трэба пакаяцца”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.








All the contents on this site are copyrighted ©.