2016-10-26 14:45:00

Святы Пасад і В’етнам абмяняліся поглядамі на адносіны


Апостальская Сталіца і В’етнам абмяняліся поглядамі на стан двухвабаковых адносін і сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў гэтай паўднёваазіяцкай краіне. 24-26 кастрычніка ў Ватыкане прайшло шостае пасяджэнне сумеснай працоўнай групы. 

Дэлегацыі ўзначальвалі: кс. Антуан Камільеры, намеснік сакратара па адноснах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, і Буй Тхань Шон, намеснік Міністра замежных спраў В’етнама.

У ходзе сустрэчы в’етнамскі бок падкрэсліваў паляпшэнне ў заканадаўчай і палітычнай сферах краіны на карысць абароны свабоды веравызнання грамадзян, а таксама ўклад Каталіцкага Касцёла ў яе сацыяльнае і і эканамічнае развіццё.

Святы Пасад высока ацаніў ўвагу в’етнамскіх уладаў да патрэбаў Касцёла, сведчаннем чаго з’яўляецца нядаўняе адкрыццё Каталіцкага інстытута ў В’етнаме, а таксама дапамога ў арганізацыі важных касцёльных цырымоній і мерапрыемстваў.

Бакі пастанавілі працягваць дыялог і адзначылі існаванне прагрэсу ў адносінах, які выражаецца ў рэгулярных кантактах і кансультацыях, абмене дэлегацыямі высокага ўзроўню, частых душпастырскіх візітах у В’етнам папскага дыпламатычнага прадстаўніка для гэтай краіны, арцыбіскупа Леапольда Джырэлі, рэзідэнцыя якога знаходзіцца ў Сінгапуры.

Было вырашана, што наступная, сёмая сустрэча сумеснай працоўнай групы пройдзе ў Ханоі. Дата яе правядзення будзе аб’яўлена пазней. 

На заканчэнне сустрэчы члены в’етнамскай дэлегацыі здзейснілі візіт ветлівасці да кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.








All the contents on this site are copyrighted ©.