2016-10-26 12:10:00

Папа: няма народу, які б не зведаў феномену міграцыі


Не закрывацца ў саміх сабе, становячыся абыякавымі да лёсу мігрантаў і асоб, пазбаўленых годнасці, заклікаў папа Францішак 26 кастрычніка 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі  ў Ватыкане. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў двум ўчынкам міласэрнасці для цела бліжняга, натхнёных словамі Езуса: “быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне” (Мц 25,35-36).

“У наш час як ніколі актуальным з’яўляецца ўчынак, які тычыцца падарожных. Эканамічны крызіс, узброеныя канфлікты і кліматычныя змены падштурхоўваюць мноства людзей да міграцыі. Тым не менш, міграцыя не з’яўляецца новым феноменам, яна належыць да гісторыі чалавецтва. Адсутнасцю гістарычнай памяці з’яўляецца меркаванне, што яна ўласціва толькі нашым часам”, - сказаў Папа.

Біблія дае шматлікія канкрэтныя прыклады міграцыі: пачынаючы аб Абрагама аж да самой Святой Сям’і – Марыі, Юзафа і маленькага Езуса, якія былі вымушаны эміграваць, уцячаючы ад пагрозы з боку Ірада. “Гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя міграцыі” і няма народу, які б не зведаў гэтага  феномену, падкрэсліў Пантыфік.

“Сёння кантэкст эканамічнага крызісу, нажаль, спрыяе ўзнікненню закрытасці і негасціннасці. У некаторых частках свету ўзводзяцца муры і бар’еры. Часам, здаецца, што маўклівая дзейнасць многіх людзей, якія розным чынам прысвячаюць сябе дапамозе і падтрымцы мігрантаў, становіцца незаўважанай з-за крыку іншых, якія даюць голас эгаістычнаму інстынкту. Але закрытасць – гэта не рашэнне. Больш за тое, яна спрыяе незаконнаму гандлю людзьмі. Адзіным шляхам рашэння з’яўляецца салідарнасць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец перакананы, што дзейнасць хрысціян у гэтай сферы з’яўляецца тэрміновай. Ён узгадаў прыклад італьянскай святой, Франчэскі Карбіні, якая разам са сваімі паплечніцамі прысвяціла сябе дапамозе мігрантам, што прыбывалі ў Злучаныя Штаты Амерыкі.

“Таксама і сёння мы патрабуем такіх сведчанняў, каб міласэрнасць магла дасягнуць шматлікіх патрабуючых. Гэта абавязак, які тычыцца ўсіх, не выключаючы нікога. Дыяцэзіі, парафіі, інстытуты кансэкраванага жыцця, асацыяцыі і рухі, таксама і простыя вернікі, усе мы закліканы прымаць братоў і сясцёр, што ўцякаюць ад вайны, голаду, насілля і нечалавечых умоў жыцця. Усе разам мы з’яўляемся вялікай сілай падтрымкі для тых, хто згубіў радзіму, сям’ю, працу і годнасць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец распавёў гісторыю жанчыны армянскага паходжання, да якой на адной з рымскіх вуліц падышоў мігрант і спытаў, дзе знаходзіцца базыліка св. Пятра, бо хацеў прайсці праз яе Святыя Дзверы. Яна вырашыла паказаць яму дарогу, а паколькі ён быў без абутку, выклікала таксі. Таксіст з неахвотай пагадзіўся весці яго, бо ён меў непрыемны пах. Падчас дзесяціхвіліннай паездкі жанчына распытвала бежанца пра яго гісторыю болю, вайны, голаду і міграцыі. Па прыбыцці яна адкрыла кашалёк, каб заплаціць, але таксіст сказаў  ёй: “Гэта я вам павінен заплаціць, бо вы мне далі магчымасць пачуць гісторыю, якая змяніла маё сэрца”. Папа заклікаў паразважаць над гэтай гісторыяй і падумаць, што кожны можа зрабіць для мігрантаў.

Гаворачы пра ўчынак міласэрнасці “адзець нагіх”, Францішак падкрэсліў, што ён заключаецца не толькі ў тым, каб даць вопратку патрабуючым, але і вярнуць чалавеку годнасць. 

“Падумаем пра жанчын, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі і былі выкінуты на вуліцы, ці пра мноства іншых спосабаў выкарыстання чалавечага цела ў якасці тавару, нават непаўналетніх. Такім чынам адсутнасць працы, дому, справядлівага заробку або дыскрымінацыя па расавай ці рэлігійнай прыкмеце – усё гэта формы “нагасці”, перад абліччам якіх мы, хрысціяне, пакліканы быць уважлівымі, пільнымі і гатовымі дзейнічаць”, - адзначыў ён.

Святы Айцец нагадаў, што ў залежнасці ад таго, наколькі людзі адкрываюцца на іншых, іх жыццё становіцца плённым, грамадствы здабываюць мір, а людзі асягаюць поўню годнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.