2016-10-25 12:25:00

Святы Пасад павіншаваў індуістаў са святам Дзівалі


Хрысціяне і індуісты закліканы ўмацоўваць надзею сярод сем’яў, гаворыцца ў пасланні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу да вызнаўцаў індуізму. Яно было скіравана з нагоды свята Дзівалі, якое сёлета прыпадае на 30 кастрычніка. У тэксце віншавання ўтрымліваецца заклік да супольнага сведчання аб каштоўнасці сужэнства і сямейнага жыцця.

“Здаровае грамадства залежыць ад сямейных сувязяў”, гаворыцца ў пасланні. У той жа час, значэнню паняцця сям’і пагражае атмасфера рэлятывізму, а сямейнае жыццё часта парушаецца войнамі, беднасцю і міграцыяй. 

У дакуменце называецца “знакам надзеі” існаванне людзей, якія вераць у важнасць сужэнства і сямейнага жыцця для карысці кожнага чалавека і ўсяго грамадства. 

“Мы ведаем, што сям’я – гэта “першая школа чалавечнасці”, і што бацькі з’яўляюцца “першымі і галоўнымі” настаўнікамі сваіх дзяцей. У сям’і, дзе дзеці кіруюцца шляхетным прыкладам бацькоў і старэйшых, фарміруюцца каштоўнасці, якія дапамагаюць ім развівацца ў якасці дорых і адказных грамадзян”, - адзначаецца ў віншаванні. 

“Як хрысціяне і індуісты, далучымся да ўсіх людзей добрай волі ў падтрымцы сужэнства і сямейнага жыцця, дапамагаючы сем’ям станавіцца школамі надзеі. Будзем несці святло надзеі ў кожны куток нашага свету, дорачы суцяшэнне і сілу ўсім патрабуючым”, - гучыць заклік у дакуменце.

Дзівалі – адно з галоўных індыйскіх і індуісцкіх святаў. Яно сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, святла над цемрай, дабра над злом і лічыцца ў індуістаў пачаткам Новага года.








All the contents on this site are copyrighted ©.