2016-10-25 14:48:00

Дыктатура ў Аргентыне: адкрываюцца касцёльныя архівы


Завяршылася каталагізацыя і алічбоўка матэрыялаў па перыядзе вайсковай дыктатуры ў Аргентыне (1976-1983), якія захоўваюцца ў архівах епіскапату гэтай краіны, ватыканскага Дзяржсакратарыяту і Апостальскай нунцыятуры ў Буэнас-Айрэсе. 

15 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане адбылася сустрэча спецыяльнай выканаўчай камісіі Канферэнцыі Біскупаў Аргентыны і Дзяржсакратарыяту, удзельнікі якой паставілі кропку ў гэтым працэсе.

Карыстацца дадзенымі дакументамі змогуць ахвяры і прамыя сваякі асоб, якія зніклі ў перыяд дыктатуры або падвяргаліся зняволенню, а ў выпадках святароў і законнікаў, таксама і іх вышэйшыя настаяцелі.

У спецыяльным паведамленні, апублікаваным 25 кастрычніка 2016 г., адзначаецца, што гэта праца праводзілася ў духу служэння праўдзе, справядлівасці і міру, “працягваючы дыялог, адкрыты на культуру сустрэчы”. Увесь працэс “адбываўся згодна з рашэннем і ўказаннямі Святога Айца і ўяўляў сабой працяг працы, якую ўжо на працягу многіх гадоў здзяйсняла Канферэнцыя Біскупаў Аргентыны”.








All the contents on this site are copyrighted ©.