2016-10-23 12:25:00

Францішак заклікаў быць місійнымі вучнямі Хрыста


Быць адважнымі і альтэрнатыўнымі свету не становячыся пры гэтым палемічнымі і агрэсіўнымі, заклікаў Святы Айцец падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 23 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане. Францішак адзначыў важнасць быцця “місійнымі вучнямі, каб несці пасланне збаўлення ўсёй чалавечай сям’і”.

“Другое чытанне сённяшняй літургіі прадстаўляе нам заклік св. Паўла да Цімафея, яго паплечніка і ўмілаванага сына, у якім ён разважае пра ўласнае жыццё апостала, што цалкам прысвяціў сябе місіі (пар. 2 Цім 4,6-8.16-18). Адчуваючы блізкі канец свайго зямнога шляху, ён апісвае яго са спасылкай на тры этапы: сучаснасць, мінулае, будучыню.

Сучаснасць ён інтэрпрытуе з дапамогай метафары ахвяры: “Я ўжо праліваюся, як ахвяра” (2 Цім 4,6). Гаворачы пра мінулае, Павел апісвае пражытае жыццё, з дапамогай вобразу “добрай барацьбы” і “бегу” чалавека, што быў паслядоўным у сваіх дзеяннях і выкананні абавязацельстваў. Як наступства, у будучыні ён ўпэўнены ва ўдзячнасці Бога, які з’яўляецца “справядлівым Суддзёй”. Але місія Паўла была плённай, справядлівай і вернай толькі дзякуючы блізкасці і сіле Пана, які зрабіў з яго прапаведніка Евангелля для ўсіх народаў. Вось яго словы: “Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне, і каб пачулі ўсе язычнікі” (2 Цім 4,17).

У гэтым аўтабіяграфічным апавяданні св. Паўла адлюстроўваецца Касцёл, асабліва сёння, у Сусветны дзень місій, тэма якога “Місійны Касцёл – сведка міласэрнасці”. У Паўле хрысціянская супольнасць мае ўласную мадэль, з упэўненасцю, што менавіта прысутнасць Пана робіць плённай апостальскую працу і евангелізацыйную справу. Досвед Апостала Народаў нагадвае нам, што мы павінны ўключыцца ў душпастырскую і місійную дзейнасцю, з аднаго боку, як бы яе вынік залежаў ад нашых высілкаў, з духам ахвярнасці атлета, які не спыняецца нават перад абліччам паразаў; а з іншага, аднак, ведаючы, што сапраўдны поспех нашай місіі – гэта дар ласкі: менавіта Святы Дух, робіць плённай місію Касцёла ў свеце.

Зараз – час місіі і адвагі! Час адважнага ўмацавання няўстойлівых крокаў, аднаўлення смаку прысвячэння сябе Евангеллю, аднаўлення даверу да сілы, якую місія нясе ў сабе. Гэта час адвагі, нават калі яе наяўнасць не з’яўляецца гарантыяй поспеху. Ад нас патрабуецца адвага, каб змагацца, але не абавязкова, каб перамагчы; каб абвяшчаць, але не абавязкова, каб пераканаць. Ад нас патрабуецца адвага для таго, каб былі альтэрнатыўнымі свету, аднак, ніколі не становячыся палемічнымі ці агрэсіўнымі. Ад нас патрабуецца адвага, каб быць адкрытымі для ўсіх, аднак, ніколі не памяншаючы абсалютнасці і выключнасці Хрыста, адзінага Збаўцы ўсіх. Ад нас патрабуецца адвага, каб змагацца з нявер’ем, але не становячыся пыхлівымі. Ад нас патрабуецца таксама адвага мытніка з сённяшняга Евангелля, які не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але б’ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка. Зараз – час адвагі! Зараз патрэбна адвага!

Панна Марыя, прыклад Касцёла, “які выходзіць” і паслухмяны Святому Духу, няхай дапаможа нам усім быць, у сілу нашага Хросту, місійнымі вучнямі, каб несці пасланне збаўлення ўсёй чалавечай сям’і".

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутных на ватыканскай плошчы пілігрымаў, сярод якіх вернікаў з Польшчы, што прыбылі ў Рым з нагоды святкавання 1050-годдзя існавання хрысціянства ў гэтай краіне.








All the contents on this site are copyrighted ©.