2016-10-22 11:57:00

Святы Айцец: дыялог разбурае муры падзелаў


Каштоўнасці дыялогу, як выразу міласэрнасці прысвяціў Францішак сваю катэхезу падчас надзвычайнай агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 22 кастрычніка 2016 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане ў рамках Юбілейнага году. 

Спасылаючыся на евангельскае апавяданне пра размову Езуса з самаранкай каля студні ў горадзе Сіхар (Ян 4, 6-15), Святы Айцец падкрэсліў, што дыялог дазваляе людзям пазнаць адно аднаго і зразумець патрэбы суразмоўцы. Адкрытасць на дыялог – гэта знак вялікай павагі і любові да іншага чалавека. 

“Часта мы не сустракаем братоў, нават жывучы побач, асабліва, калі жадаем, каб наша пазіцыя дамінавала над пазіцыяй іншага. Мы не вядзём дыялогу, калі не слухаем належным чынам або спрабуем перабіваць іншага, каб паказаць сваю рацыю. Часта, слухаючы іншага чалавека мы спыняем яго і кажам: “Не, гэта не так!” і не даем закончыць тлумачыць тое, што ён хоча сказаць. Гэта перашкаджае дыялогу: гэта агрэсія. Сапраўдны ж дыялог патрабуе момантаў цішыні, каб зразумець надзвычайны дар прысутнасці Бога ў браце”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, “дыялог дапамагае людзям зрабіць чалавечымі адносіны і пераўзысці непаразуменні”.

“Існуе вялікая патрэба ў дыялогу ў нашых сем’ях, бо праблемы маглі б вырашацца лягчэй, калі б людзі навучыліся слухаць адзін аднаго. Гэта тычыцца, як адносін паміж мужам і жонкай, так і паміж бацькамі і дзецьмі. Якім карысным можа быць таксама дыялог паміж настаўнікамі і вучнямі або паміж кіраўнікамі і працаўнікамі, каб лепш пазнаць патрабаванні працы”, - падкрэсліў Францішак.

Папа нагадаў, што Касцёл заўсёды імкнецца весці дыялог з людзьмі, “каб зразумець патрэбы, якія знаходзяцца ў сэрцы кожнага чалавека і спрыяць рэалізацыі супольнага дабра”. 

“Падумаем пра вялікі дар стварэння і адказнасць, якую ўсе мы маем за захаванне нашага супольнага дому: дыялог на такую важную тэму – гэта непазбежная патрэба. Падумаем пра дыялог паміж рэлігіямі дзеля адкрыцця глыбокай праўды аб іх місіі сярод людзей і спрыянні будаванню міру і сеткі павагі і братэрства”, - заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што ўсе формы дыялогу з’яўляюцца праявамі вялікага патрабавання любові Бога, Які выходзіць насустрач усім і ў кожным сее зерне сваёй дабрыні, каб маглі ўдзельнічаць у яго творчай справе. Дыялог разбурае муры падзелаў і непаразуменняў, стварае масты камунікацыі і не дазваляе людзям ізалявацца, замыкаючыся ва ўласным маленькім свеце.

“Не забывайцеся: весці дыялог значыць слухаць тое, што мне кажа іншы і з лагоднасцю казаць тое, што думаю я. Калі так адбываецца, то сям’я, раён будуць станавіцца лепшымі. Але калі перашкаджаю іншаму выказаць тое, што ён мае ў сэрцы, і пачынаю крычаць – сёння крычаць вельмі шмат – адносіны паміж намі не будуць добрымі, не будуць добрымі адносіны паміж мужам і жонкай, паміж бацькамі і дзецьмі. Слухаць, тлумачыць, быць лагоднымі, не аблайваць іншага, не крычаць, а мець адкрытае сэрца”, - заклікаў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Святы Айцец падкрэсліў, што праз дыялог можна дапамагчы ўзрастаць знакам Божай міласэрнасці і рабіць іх прыладай адкрытасці і павагі.








All the contents on this site are copyrighted ©.