2016-10-22 12:11:00

Ватыкан: новая сістэма асвятлення плошчы св. Пятра


Новая ілюмінацыя пачала дзейнічаць на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 60 газаразрадных пражэктараў па 1000 ват былі заменены на 132 святлодыёдныя лямпы, магутнасцю ў 238 ват кожная, што прывядзе да эканоміі электраэнергіі больш чым на 50%.

Устаноўка новай сістэмы асвятлення з’яўляецца вынікам дакладнага даследвання, якое на працягу некалькіх месяцаў праводзілі супрацоўнікі тэхнічных служб Губернатарату Дзяржавы Ватыкан ў супрацоўніцтве з нямецкай кампаніяй “OSRAM”.

Паводле кіраўніка ватыканскіх тэхнічных служб Рафаэля Гарсіі Вілалабоса, “мэтай праекту стала стварэнне сістэмы асвятлення, здольнай цалкам выдзеліць аб’ёмы плошчы ў поўнай гармоніі з яе архітэктурай”.

Ватыкан не першы год супрацоўнічае з кампаніяй “OSRAM” у галіне замены сістэмы асвятлення на больш эканамічную і надзейную. Два гады таму нямецкімі спецыялістамі была створана новая высокатэхналагічная ілюмінацыя ў Сікстынскай капэле, якая дзякуючы 7000 святлодыёдных лямпачак, дапамагае па новаму ўбачыць “Апошні суд” Мікеланджэла і ашчадзіць да 60% электраэнергіі.

У снежні 2014 г. святлодыёдныя лямпы былі ўстаноўлены на купале базылікі св. Пятра. Рэалізацыяй гэтага праекту займаўся найбуйнейшы італьянскі энергетычны канцэрн “Acea”.








All the contents on this site are copyrighted ©.