2016-10-22 15:01:00

Архімандрыт Гаек на сустрэчы епіскапаў Усходніх Цэркваў


“Пастырскі клопат пра ўсходніх каталіцкіх мігрантаў у краінах Захаду” – так гучыць тэма чарговай Сустрэчы епіскапаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы, якая працягваецца ў партугальскай Фаціме. У форуме, які праходзіць з 1997 г. кожны год у розных краінах Еўропы, прымае ўдзел і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек. 

Месца правядзення сімвалічнае, бо сустрэча адбываецца напярэданні 100-гадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў, адзначыў кіраўнік беларускіх грэка-католікаў. “З другога боку, гэта добрая нагода паразважаць над сітуацыяй з каталіцкімі мігрантамі ў краінах Заходняй Еўропы, пачынаючы ад Партугаліі і да Скандынавіі. Большасць гэтых католікаў-эмігрантаў не маюць сваіх структур, і падпарадкаваны мясцоваму лацінскаму біскупу. І таму на сустрэчу былі запрошаны біскупы лацінскага абраду. Так што гэта платфора з аднаго боку кансультатыўная, з другога – наш голас дапамагае і Радзе Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, і мясцовым біскупам”, - расказаў аб мэтах форуму Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё архімандрыт.

У сустрэчы-пілігрымцы ў марыйны санктуарый, дзе ў 2017 г. будзе адзначацца стагоддзе аб’яўленняў Панны Марыі, прымаюць удзел прадстаўнікі 15 Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, самая вялікая дэлегацыя прыбыла ад Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы. Нягледзячы на тое, што ў кожнай краіне маюць свае пытанні і праблемы, усіх зараз аб’ядноўвае, акрамя святкавання 420-годдзя падпісання Берасцейскай Уніі, яшчэ і перажыванне Святога Юбілейнага Года Міласэрнасці, якому у Грэка Каталіцкай Царкве Беларусі надалі вялікую ўвагу, нагадаў архімандрыт. 

“У сваім пасланні на святкаванне юбілею Берасцейскай Уніі Апостальскі нунцый у Беларусі адзначыў, што з вялікай зацікаўленнасцю назірае за крэатыўнымі формамі міласэрнасці ў нашай Царкве. І сапраўды, мы актывізавалі працу з валанцёрамі, фармацыйную працу, адукацыйную працу на ўзроўні парафій, вядома, таксама далучылі і малітву. Увогуле, кастрыкчнік у нас – месяц малітвы за Беларусь: за регіёны, за рэчаіснасць, за каталіцкія парафіі, за структуры ўлады, з якімі асабліва ёсць супрацоўніцства. Тут няма нічога незвычайнага, але мы стараемся выкарыстоўваць імпульс Юбілейнага Году, і гэты час для нас нібыта рахунак сумлення: што мы зрабілі, а што яшчэ павінны зрабіць”, - адзначыў Апостальскі візататар для грэка-католікаў Беларусі.

А ўжо напрыканцы Года Міласэрнасці ў сярэдзіне лістапада ў Вене прадстаўнікі Грэка-каталіцкай Царквы Беларусі прымуць удзел у святкаванні падзей, звязаных з св. Ізафатам Кунцэвічам.








All the contents on this site are copyrighted ©.