2016-10-20 11:58:00

Год Міласэрнасці прыцягнуў у Рым 18 мільёнаў пілігрымаў


Ужо праз месяц, 20 лістапада 2016 г., завершыцца Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці, які абвясціў Францішак. Паводле ацэнак афіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу падзеі, каардынатарам якой з’яўляецца Папская рада па новай евангелізацыі, з пачатку Юбілею, гэта значыць, з 8 снежня 2015 г., да сённяшняга дня з гэтай нагоды наведалі Рым больш 18 млн. пілігрымаў.

Лічыцца, што да закрыцця Года Міласэрнасці ў Вечны горад прыбудзе яшчэ каля мільёна чалавек з мэтай прайсці праз Брамы міласэрнасці ватыканскай і іншых рымскіх базылік.

Дэвізам Святога Году з’яўляюцца словы, узятыя з Евангелля паводле св. Лукі: “Міласэрныя, як і Айцец”. Лагатып Юбілею уяўляе сабой выяву Хрыста, які нясе на сваіх плячах знясіленага чалавека.

На працягу года ў Ватыкане праходзілі адмысловыя сустрэчы з удзелам розных катэгорый вернікаў, у тым ліку: членаў шматлікіх рухаў, асацыяцый, манаскіх супольнасцяў, звязаных з духоўнасцю міласэрнасці, членаў дабрачынных валанцёрскіх аб’яднанняў, асоб, якія асаблівым чынам падзяляюць марыйную духоўнасць. Тут праходзілі Юбілеі для дыяканаў, святароў і катэхетаў, а таксама хворых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. 6 лістапада адбудзецца спецыяльная цэлебрацыя для вязняў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.