2016-10-19 14:07:00

Папа заклікаў па-хрысціянску адказваць на патрэбы галодных


Засяродзіцца над сапраўдным сэнсам слоў “Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння” заклікаў вернікаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 19 кастрычніка 2016 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Разважаючы над урыўкам з Паслання св. апостала Якуба (2, 14-17), Францішак адзначыў, што “адным з наступстваў так званага “дабрабыту” з’яўляецца замыканне людзей у саміх сабе, абыякавасць да патрэб іншых”. “Гэта робіцца, перш за ўсё, каб увесці ў падман, навязваючы мімалётныя вобразы жыцця, якія праз некалькі гадоў знікнуць. Нібы нашае жыццё – модныя тэндэнцыі, якімі трэба кіравацца і якія мяняюцца кожны сезон. Гэта не так. Рэчаіснасць павінна прымацца і перажывацца такой, якая ёсць. Нярэдка яна прымушае нас сутыкацца з сітуацыямі тэрміновай патрэбы. Менавіта таму сярод учынкаў міласэрнасці знаходзім заклікі накарміць галодных і напаіць сасмаглых”, - дадаў Святы Айцец.

Шматлікія дабрачынныя акцыі і ахвяраванні, вядома, з’яўляюцца важнымі праявамі міласэрнасці, сцвердзіў Папа. “Аднак яны не закранаюць нас непасрэдна. Калі ж, праходзячы па дарозе, сустракаем чалавека ў патрэбе або калі бедны грукае ў дзверы нашага дома, гэта зусім іншае”, бо няма больш дыстанцыі паміж намі і асобамі ў патрэбе, патлумачыў Пантыфік.

“У гэтых выпадках якая мая рэакцыя? Пераводжу позірк і праходжу міма? Ці спыняюся, каб пацікавіцца, як ён сябе адчувае? І калі так робіш, абавязкова знойдзецца нехта, хто скажа: “Аднак ён вар’ят, каб размаўляць з бедным!”. Гляджу, ці магу нейкім чынам прытуліць гэтага чалавека ці імкнуся як мага хутчэй яго пазбавіцца? Але, можа, гэты бядняк просіць толькі самага неабходнага: нечага паесць і папіць. Задумаемся на хвіліну, колькі разоў прамаўляем “Ойча наш”, не надаючы, аднак, сапраўднай увагі словам ‘Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння’!” – сказаў Папа.

Голад – вельмі складанае выпрабаванне, якое, тым не менш, “паўтараецца штодня і суіснуе побач з дастаткам і марнатраўствам”, адзначыў Пантыфік. “Заўсёды актуальнымі з’яўляюцца словы апостала Якуба: “Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: “Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся”, але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць? Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе” (Якуб 2, 14-17). Заўсёды ёсць нехта галодны ці прагнучы, які патрабуе мяне. Не магу даручыць гэта іншаму. Гэты бядняк патрабуе мяне, маёй дапамогі, майго слова, майго клопату. Усе мы маем да гэтага дачыненне”, - падкрэсліў Святы Айцец.

У працяг Пантыфік нагадаў іншую добра вядомую прыпавесць – пра памнажэнне хлябоў. “Гэта вельмі важны для нас урок”, які навучае, што з таго нешматлікага, што маем, атрымаем незлічонае багацце, калі аддадзём яго ў рукі Езуса і падзелім з верай, патлумачыў Францішак.

Святы Айцец прывёў словы з энцыклікі Бэнэдыкта XVI “Caritas in veritate”, якія сцвярджаюць, што “даць хлеб галодным (пар. Мц 25, 35. 37. 42) – гэта этычны імператыў для паўсюднага Касцёла”. “Трэба, каб сталела салідарная свядомасць, якая лічыць харчаванне i доступ да вады паўсюдным правам усіх людскіх істот, якое не дапускае адрозненняў ці дыскрымінацыі”, - працытаваў Францішак свайго папярэдніка.

“Не будзем жа забываць словы Езуса ‘Я - хлеб жыцця’ (Ян 6,35) і ‘Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е’ (Ян 7,37)”, - заклікаў Папа і дадаў, што для ўсіх вернікаў яны з’яўляюцца выклікам, каб прызнаць, што, даючы есці галоднаму і піць сасмагламу, мы будуем нашы адносіны з Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.