2016-10-18 14:49:00

Святы Пасад заклікаў у ААН да свету без ядзернай зброі


Апостальская Сталіца чарговы раз заклікала да поўнай забароны ядзернай зброі. Арцыбіскуп Бернардзіта Аўса выступіў 17 кастрычніка 2016 г. у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў рамках 71-й Генеральнай асамблеі арганізацыі. 

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што “яшчэ на світанку ядзернага стагоддзя”, у лютым 1943 г., папа Пій XII выказаў глыбокую заклапочанасць з нагоды гвалтоўнага выкарыстання атамнай энергіі. Пасля гэтага былі Хірасіма і Нагасакі. Пантыфік запатрабаваў эфектыўнай забароны атамнай вайны, назваўшы гонку ўзбраенняў “узаемным тэрорам”. Арцыбіскуп Ауса нагадаў заклік папы Францішка, каб ядзерную зброю забараніць раз і назаўсёды. “Важна, каб кожны школьнік ведаў, што ядзерная вайна будзе мець жахлівыя наступствы для людзей і ўсёй планеты”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

Гэты від зброі прапануе ілжывае пачуццё бяспекі, а няпросты мір, абяцаны ядзерным стрымліваннем з’яўляецца трагічнай ілюзіяй. Бестэрміновае валоданне ядзернай зброяй амаральна, а так званая “дактрына ядзернага стрымлівання” зрабіла ядзернае нераспаўсюджванне і ядзернае раззбраенне больш цяжкім, павышаючы верагоднасць фактычнага наўмыснага або выпадковага разгортвання ядзернай зброі, агучыў пазіцыю Апостальскай Сталіцы іерарх і дадаў, што гэта не можа стварыць стабільны і бяспечны свет, бо мір і міжнародная стабільнасць не могуць быць устаноўлены на ўзаемным гарантаваным знішчэнні або пагрозе татальнага знішчэння. Гэта на самой справе спроба гарантавання міру шляхам падтрымання балансу тэрору, што з’яўляецца памылкай. Мір павінен будавацца на прынцыпах справядлівасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця, свабоды, павагі да правоў чалавека, удзелу ўсіх слаёў насельніцтва ў грамадскіх справах і ўмацаванні даверу паміж народамі”.

Ватыканскі дыпламат заклікаў да правядзення перамоваў аб ліквідацыі ядзернай зброі і прыняцця мер па ўмацаванні даверу паміж краінамі. Байкот, пагрозы і іншыя формы націску ў дачыненні да краінаў, якія падазраюцца ў распрацоўцы ядзернай зброі, будуць неэфектыўнумі пакуль ядзерныя дзяржавы будуць мець і мадэрнізаваць сваю ядзерную зброю.

Апостальская Сталіца працягвае заклікаць да хутчэйшага ўступлення ў сілу Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў і лічыць, што перамовы па ядзерным нераспаўсюджанні і ядзерным раззбраенні павінны суправаджацца перамовамі па скарачэнні звычайных сіл. Гэта задача цяжкая, бо праблемы носяць шматгранны характар, але трэба падысці да гэтага з надзеяй, рашучасцю і ўпэўненасцю, падкрэсліў Пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.