2016-10-15 11:21:00

Святы Пасад: правы дзяцей працягваюць парушацца


Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН прыняў удзел у 71 сесіі Генеральнай Асамблеі ААН на тэму пашырэння і абароны правоў дзяцей. Пасяджэнне працоўнай групы распачалося 13 кастрычніка 2016 г. у Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса адзначыў, што апошнія справаздачы адносна становішча дзяцей у свеце здаюцца здавальняючымі, аднак “толькі на першы погляд”.

Так, з 1990 г. смяротнасць дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў знізілася напалову, прычым найбольшыя поспехі ў гэтым накірунку дэманструюць малазабяспечаныя краіны паўднёва-цэнтральнай часткі афрыканскага кантынента. Значна паменшыўся паказчык мацярынскай смяротнасці. “Прагрэс назіраецца ў самых розных кантэкстах”, падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду. Ён магчымы незалежна ад эканамічных умоў, сацыяльных ці палітычных абставін. Больш таго, найбольш істотныя станоўчыя зрухі фіксуюцца ў самых бедных краінах свету.

Тым не менш, акрэслены прагрэс суправаджаецца шэрагам негатыўных паказчыкаў, працягнуў іерарх. Штодня ў свеце паміраюць 16 тыс. дзяцей. Амаль палова смяротных выпадкаў дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў выклікана голадам ці недаяданнем. Амаль трэцяя частка з 230 млн. дзяцей да 5 гадоў па ўсім свеце афіцыйна не прызнаныя, а значыць, пазбаўленыя права на імя і нацыянальнасць. Мільёны дзяцей хварэюць на СНІД. Нарэшце, кожныя 10 хвілін у свеце фіксуецца смерць дзяўчынкі па прычыне насілля.

Гуманітарныя крызісы ў асобных рэгіёнах планеты выклікалі хуткі рост колькасці дзяцей-бежанцаў. Сёння налічваецца каля 50 млн. дзяцей, якія ўцякаюць ад ваенных канфліктаў, беднасці і розных форм эксплуатацыі. Менавіта гэтая катэгорыя дзяцей “з’яўляецца першай мішэнню гандляроў людзьмі”, падкрэсліў арцыбіскуп Ауса.

Нельга забываць, як многа дзяцей пакутуюць з-за “жорсткага зверства” баявых канфліктаў: выкарыстоўваюцца ў якасці салдат, “жывых бомб”, становяцца ахвярамі прастытуцыі, нагадаў іерарх.

Перад абліччам гэтай жудаснай рэчаіснасці арцыбіскуп Ауса звярнуўся да міжнароднай супольнасці і кіраўнікоў кожнай асобна ўзятай краіны “спыняць любую канфліктную ці ваенную сітуацыю” і “імкнуцца да міру і згоды”. “Станоўчыя ж зрухі, якія назіраюцца ў асобных рэгіёнах свету, павінны ўзмацніць наш намер дасягнуць адпаведнага прагрэсу там, дзе штодня мільёны дзяцей ўсё яшчэ пакутуюць з-за выключнай пагарды”, - завяршыў сваю прамову прадстаўнік Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.