2016-10-15 13:00:00

Папскія легаты зачыняць Брамы Міласэрнасці ў базыліках Рыма


Святы Айцец прызначыў трох легатаў, якія 13 лістапада 2016 г., падчас урачыстай св. Імшы на заканчэнне Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці, здзейсняць сімвалічную цырымонію закрыцця Брам Міласэрнасці ў трох папскіх базыліках Рыма.

Згодна з рашэннем Пантыфіка, абвешчаным 15 кастрычніка 2016 г., Брамы Міласэрнасці рымскай базылікі св. Яна на Латэране зачыніць архіпрэзбітэр святыні, кардынал Агасціна Валіні. Адпаведную цырымонію ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ здзейсніць яе архіпрэзбітэр, кардынал Сантас Абрыл-і-Кастэлья. Брамы Міласэрнасці папскай базылікі св. Паўла за Мурамі будуць зачынены архіпрэзбітэрам сабора, кардыналам Джэймсам Харві.

Святочная літургія з цырымоніяй закрыцця Брам Міласэрнасці ва ўсіх трох базыліках адбудзецца 13 лістапада 2016 г. Праз тыдзень, 20 лістапада 2016 г., Пантыфік асабіста закрые Браму Міласэрнасці ў базыліцы св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.