2016-10-15 12:35:00

Папа да пажылых людзей: “Вы сцвярджаеце культуру жыцця”


“Памяццю народа”, “каштоўным скарбам, неабходным для таго, каб глядзець у будучыню з надзеяй і адказнасцю” назваў людзей сталага ўзросту папа Францішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Нацыянальнай асацыяцыі пажылых работнікаў Італіі. Аўдыенцыя адбылася 15 кастрычніка 2016 г. у Зале Паўла VI у Ватыкане.

“Каталіцкі Касцёл глядзіць на пажылых людзей з любоўю, удзячнасцю і павагай”, - звярнуўся да прысутных Пантыфік. “Вашыя сталасць і мудрасць, набытыя з гадамі, могуць дапамагчы моладзі, падтрымліваючы іх на шляху ўзрастання і сустрэчы з будучыняй, у пошуку іх асабістай дарогі”, - патлумачыў Пантыфік. “Вы нібы дрэвы, якія працягваюць даваць плады: нават пад цяжарам гадоў робіце сапраўдны ўнёсак у грамадства і сцвярджаеце культуру жыцця”, - дадаў Святы Айцец.

Папа высока ацаніў працу, якую ажыццяўляюць людзі сталага ўзросту ў парафіях у якасці катэхетаў і сведкаў міласэрнасці і ў сваіх сем’ях, дзе яны цалкам прысвячаюць сябе клопату пра ўнукаў. У краінах, гісторыя якіх пазначана жорсткім пераследам рэлігіі, менавіта дзядулі і бабулі з’яўляліся перадатчыкамі веры, яны патаемна прыносілі дзяцей на хрост, нагадаў Францішак.

Пантыфік падзякаваў усім асобам і арганізацыям, якія праяўляюць клопат і аказваюць дапамогу пажылым людзям, пакутуючым з-за цяжкіх хвароб і пазбаўленым здольнасці самастойна рухацца. “Структуры, якія прымаюць сталых людзей, закліканы быць месцамі чалавечнасці і пяшчотнай увагі, дзе слабыя людзі не будуць забытыя або зняважаныя, дзе іх будуць наведваць, памятаць пра іх і абараняць, як старэйшых братоў і сясцёр”, - сказаў Папа.

“Трэба супрацьстаяць шкоднай культуры адчужэння, якая ізалюе пажылых людзей, лічачы іх непрадуктыўнымі” – толькі так, на думку Францішка, можна стварыць умовы, у якіх бабулі і дзядулі змогуць прымяняць свае здольнасці і не губляць пачуцця чалавечай годнасці. Грамадскія, культурныя, адукацыйныя і рэлігійныя інстытуты, усе людзі добрай волі адказныя за стварэнне гасціннага, інклюзіўнага грамадства і ўзмацненне сувязі паміж пакаленнямі. “Будучыня народа апатрабуе сустрэчы паміж маладымі і пажылымі”, - нагадаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.