2016-10-14 13:12:00

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў Сусветнага дня харчавання


Напярэдадні адкрыцця Сусветнага дня харчавання, 14 кастрычніка 2016 г., у галоўным штабе Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН у Рыме адбылася святочная цырымонія прывітання ўдзельнікаў мерапрыемства. Падчас яе было агучана адмысловае пасланне папы Францішка.

“Клімат мяняецца. Харчаванне і сельская гаспадарка таксама” – так гучыць тэма сёлетняга Сусветнага дня харчавання, нагадаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што негатыўны ўплыў на клімат вынікае са штодзённых паводзінаў людзей, супольнасцяў, народаў і краін. А гэта значыць, што адных маральных і этычных ацэнак рэчаіснасці недастаткова – “неабходны палітычныя дзеянні”, пашырэнне стылю жыцця, які ўключае клопат пра будучае пакаленне. Папа заклікаў да супрацоўніцтва ў гэтым накірунку на розных узроўнях у духу братэрства і салідарнасці.

“Ад мудрасці вясковых жыхароў можам навучыцца вобразу жыцця, які дапаможа абараніцца ад спажывецкай логікі і вытворчасці любой цаной”, - напісаў Францішак у пасланні. Сучасная мадэль вытворчасці шукае толькі павелічэння прыбытку, аднак, “пры ўсіх сваіх навуковых дасягненнях, дазваляе, каб каля 800 млн. чалавек усё яшчэ пакутавалі ад голаду”, падкрэсліў Папа. Пры гэтым Каталіцкі Касцёл не раз нагадваў, што “аб’ёмы сусветнай вытворчасці дазваляюць забяспечыць прадуктамі харчавання ўсіх – патрэбна толькі справядлівае размеркаванне”.

Яшчэ адным трывожным вынікам прыродных зменаў Папа назваў рост колькасці “кліматычных” мігрантаў, якія далучаюцца да “каравана апошніх, адкінутых, тых, якім было адмоўлена ў магчымасці адыгрываць вызначаную ролю ў вялікай чалавечай сям’і”.

Беручы пад увагу складанасць праблем, выкліканых кліматычнымі зменамі, Святы Айцец выказаў спадзяванне на тое, што мэты, вызначаныя падчас Канферэнцыі па клімаце, якая прайшла ў 2015 г. у Парыжы, “не застануцца толькі прыгожымі словамі, але ператворацца ў смелыя рашэнні, здольныя зрабіць з салідарнасці не толькі вартасць, але і аператыўную эканамічную мадэль, з братэрства – не толькі крыніцу натхнення, але крытэрый унутранай і знешняй палітыкі”.

Сваю працу ўдзельнікі Сусветнага дня харчавання распачнуць 16 кастрычніка 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.