2016-10-13 13:03:00

Францішак і Бэнэдыкт XVI пра Барталамея І


У Злучаных Штатах Амерыкі выдадзена кніга, прысвечаная 25-годдзю патрыяршага служэння Барталамея І. Прадмову да яе напісаў папа Францішак. Выданне пад назвай “Барталамей – апостал і прарок” (Bartholomew Apostle and Visionary) утрымлівае на сваіх старонках рэфлексіі Бэнэдыкта XVI, былога Прымаса Англіканскай Царквы, архіепіскапа Роўэна Уільямса, віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдана і многіх іншых вядомых дзеячаў, прысвечаныя Патрыярху Канстантынопальскаму.

У сваёй прадмове Францішак заўважыў, што яго сустрэчы з Барталамеем І не толькі ўмацавалі іх духоўную блізкасць, але, перш за ўсё, паглыбілі ўсведамленне іх супольнай пастырскай адказнасці ў сучасны гістарычны перыяд, тэрміновыя выклікі, на якія хрысціяне і ўсё чалавечая сям’я павінны адказаць сёння.

“Сёння мы, браты ў веры і надзеі, якая не расчаруе, глыбока злучаны ў жаданні, каб хрысціяне Усходу і Захаду маглі адчуць сябе часткай адной і адзінай Царквы, і каб маглі абвяшчаць усяму свету, што “з’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей”, - напісаў Папа.

Францішак нагадаў пра супольнае з Барталамеем І імкненне спрыяць больш справядліваму свету, у якім з павагай ставяцца да годнасці людзей і фундаментальных свабод, умацоўваць свядомасць людзей і грамадстваў адносна пытання аховы навакольнага асяроддзя.

У сваю чаргу, Бэнэдыкт XVI прызнаўся, што пасля заканчэння служэння на Пасадзе Біскупа Рыма заўсёды адчуваў духоўную блізкасць з Барталамеем І, з якім сустрэўся пасля свайго сыходу. “У многіх кутках маіх апартаментаў можна знайсці памятныя рэчы, атрыманыя ад яго. Гэтыя аб’екты з’яўляюцца не толькі цёплым знакам нашага асабістага сяброўства, але таксама ўказываюць на адзінства паміж Канстантынопалем і Рымам, з’яўляюцца знакам надзеі на тое, што імкнёмся да еднасці. Яго Святасць Барталамей І – гэта па-сапраўднаму экуменічны Патрыярх, ва ўсіх сэнсах гэтага паняцця”, - падкрэсліў Папа на пенсіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.