2016-10-13 12:13:00

Францішак сустрэўся з лютэранскімі пілігрымамі


“Мы дзякуем Богу за тое, што сёння мы, лютэране і католікі, ідзём па дарозе, якая вядзе ад канфлікту да камуніі”, - сказаў папа Францішак, прымаючы 13 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане лютэранскіх вернікаў з Германіі. Экуменічная пілігрымка ў Рым прымеркавана да 500-годдзя Рэфармацыі.

Пантыфік прызнаўся, што сумесны шлях католікаў і лютэран пазначаны “змешанымі пачуццямі”: “смуткам ад падзелу, які да гэтага часу існуе паміж намі, але і радасцю ад ўжо адноўленага братэрства”. І такіе пілігрымкі, на яго думку, з’яўляецца відавочнай прыкметай гэтага братэрства і знакам надзеі.

Папа спаслаўся на Першае пасланне св. Паўла да Карынцянаў (12,12-26), дзе апостал кажа што ўсе хрысціяне ўтвараюць адно цела Хрыстовае, па прычыне аднаго хросту. Таму мы належым адзін да аднаго, і, калі адзін пакутуе, усе пакутуюць, калі адзін радуецца, радуюцца ўсе. “Мы можам працягваць з упэўненасцю крочыць па нашым экуменічным шляху, таму што ведаем, што, акрамя шматлікіх адкрытых пытанняў, якія да гэтага часу падзяляюць нас, мы ўжо адзіныя. Тое, што нас аб’ядноўвае, значна большае за тое, што нас падзяляе!”, - падкрэсліў Францішак.

Ён узгадаў пра свой хуткі візіт ў Швецыю, дзе разам з прадстаўнікамі Сусветнай лютэранскай федэрацыяй падзякуе Богу за пяцьдзесят гадоў афіцыйнага дыялогу паміж лютэранамі і католікамі. Гэты успамін, спадзяецца Святы Айцец, стане магчымасцю паглядзець у будучыню, якая не магчыма без агульнага хрысціянскага сведчання. Свет чакае ад хрысціян Божай міласэрнасці праз служэнне бедным, хворым, тым, хто пакінуў сваю радзіму ў пошуках лепшай будучыні для сябе і блізкіх.

Францішак звярнуўся да маладых удзельнікаў лютэранскай пілігрымкі з заклікам быць сведкамі міласэрнасці. “У той час як тэолагі вядуць дыялог у дактрынальнай вобласці, вы працягвайце настойліва шукаць магчымасцяў сустрэчы, узаемнага пазнання, супольнай малітвы, прапануючы дапамогу адно аднаму і ўсім тым, хто ў ёй мае патрэбу. Такім чынам, свабодныя ад прадузятасці і давяраючы толькі Евангеллю Езуса Хрыста, абвяшчаючы мір і паяднання, вы будзеце сапраўднымі героямі новага этапу гэтага шляху, які, з Божай дапамогай, прывядзе да поўнай камуніі”, - пажадаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.