2016-10-13 12:11:00

Папа выдаў пасланне на Сусветны дзень мігранта і бежанца


Праблеме непаўналетніх мігрантаў прысвечана пасланне папы Францішка на 103-ці Сусветны дзень мігранта і бежанца. Ён будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 15 студзеня 2017 г. на тэму “Непаўналетнія мігранты, уразлівыя і пазбаўленыя голасу”. 13 кастрычніка 2016 г. дакумент Святога Айца быў апублікаваны і прадстаўлены ў Ватыкане.

На пачатку паслання Францішак нагадаў пра важнасць гасціннасці, якая павінна стаць хрысціянскім адказам на словы Езуса: “Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне” (Мк 9,37). 

У той жа час, ён нагадаў, што “хто спакусіць аднаго з малых гэтых, (...) таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні” (Мц 18,6). Гэтыя словы могуць быць адрасаваны сёння ўсім, хто выкарыстоўвае вымушаных уцякаць ад ваенных канфліктаў і пераследу дзяцей у прастытуцыі і парнаграфіі, рабстве і войнах, гандлі наркотыкамі і іншых формах злачыннай дзейнасці.

Францішак нагадаў, што прычанамі масавай міграцыі з’яўляецца не толькі пошук годнай працы і лепшых умоў жыцця, але надзея на збаўленне і адшуканне міру і бяспекі. Асаблівым чынам гэты феномен ударае па непаўналетніх.

Шалёная гонка за хуткім і лёгкім прыбыткам становіцца прычынай развіцця гандлю дзецьмі, іх эксплуатацыі і выкарыстання, а таксама пазбаўлення правоў, гарантаваных Канвенцыяй аб правах дзіцяці. Усе дзеці маюць права на тое, каб гуляць і развівацца, маюць права на тое, каб быць дзецьмі, падкрэсліў Святы Айцец.

Непаўналетнія мігранты, па словах Францішка, з’яўляюцца асабліва неабароненымі, таму што часта застаюцца незаўважнымі і пазбаўленымі голасу. Без дакументаў і дапамогі дарослых яны лёгка сыходзяць на самыя нізкія ўзроўні чалавечай дэградацыі, дзе “злачыннасць і насілле спальваюць у сваім полымі будучыню мноства нявінных”.

Перад абліччам гэтай праблемы Папа заклікаў дзейнічаць, памятаючы што “людзі важнейшыя за рэчы, а каштоўнасць кожнай структуры вымяраецца яе адносінамі да жыцця і годнасці чалавечай асобы, асабліва той, якая знаходзіцца ў стане ўразлівасці, як у выпадку непаўналетніх мігрантаў”. Францішак заклікаў рабіць стаўку на абарону мігрантаў, іх інтэграцыю і доўгатрывалыя рашэнні ў адказе на міграцыйны феномен. 

Папа адзначыў, што неабароненасць мігрантаў, а таксама іх фізічная і псіхалагічная залежнасць, умацоўваюцца адсутнасцю ў іх неабходных сродкаў для жыцця, да якіх дадаюцца нерэальныя чаканні, навязаныя СМІ, нізкі ўзровень адукацыі, няведанне законаў, культуры і мовы прымаючай краіны. Акрамя таго, важная барацьба з гандлярамі людзьмі, без чаго немагчыма спыніць рабства, ахвярамі якога становяцца непаўналетнія.

Мігранты, дзеля карысці сваіх дзяцей, павінны супрацоўнічаць з супольнасцямі і структурамі, якія іх прымаюць. З іншага боку, неабходна спрыяць іх інтэграцыі ў новыя грамадствы, лічыць Папа.

Гаворачы пра доўгатрывалыя рашэнні міграцыйнага пытання, Францішак заклікаў міжнародную супольнасць садзейнічаць спыненню канфліктаў і насілля, якія прымушаюць людзей да міграцыі. Патрэбны дальнабачныя праграмы для рэгіёнаў, пакутучых ад несправядлівасці і нестабільнасці, каб кожнаму было гарантавана сапраўднае развіццё, якое спрыяе дабру дзяцей, надзеі чалавецтва, дадаў Папа. 

Сусветны дзень мігранта і бежанца адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Пачатак быў пакладзены ў 1914 г., калі папа Пій X устанавіў гэты дзень малітвы ў знак салідарнасці з італьянскімі католікамі, змушанымі ехаць на заробкі ў іншыя краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.