2016-10-12 14:25:00

Францішак пра экуменізм малітвы, агульнага шляху і крыві


Пантыфік сустрэўся 12 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане з удзельнікамі Канферэнцыі сакратароў сусветных хрысціянскіх супольнасцяў (Christian World Communions). Яны праводзяць у гэтыя дні ў Рыме сваё пасяджэнне.

Францішак звярнуў увагу на дзве рэчы, важныя ў для разумення экуменічнага дыялогу: “па-першае – Езус з намі; па-другое – Езус з намі на шляху”. І гэта, на думку Папы, прымушае кожнага, каму важны экуменізм задаць сабе пытанне: “Ці я ў стане паверыць, што Езус з намі і, што я магу ісці з усімі разам і з Езусам?”. Памылкай назваў ён меркаванне, што экумэнізм – гэта выключна праца тэолагаў. Канешне, важна, каб яны займаліся вывучэннем, прызнавалі рацыю або не пагаджаліся з нечым, але ў той жа час, “экумэнізм рэалізуецца ідучы па шляху”. 

“Гэта шлях з Езусам! І не з “маім” Езусам супраць “вашага” Езуса, але нашым Езусам. Гэта прамы шлях: па ім ідзецца з малітвай і з дапамогай іншых. Маліцца разам: экуменізм малітвы адзін за аднаго, і ўсіх аб адзінстве. А потым, экуменізм працы для шматлікіх людзей, якія маюць патрэбу, для многіх, якія пакутуюць сёння з-за несправядлівасці, вайны... гэтых жудасных рэчаў. Усе разам мы павінны дапамагаць. Любоў да бліжняга. Гэта экумэнізм! Гэта ёсць адзінства! Адзінства на шляху з Езусам”, - лічыць Францішак.

Ён звярнуў увагу, што “існуе яшчэ адзін экуменізм, які мы павінны прызнаць, і які сёння з’яўляецца вельмі актуальным: экуменізм крыві”. Калі тэрарысты або глабальныя дзяржавы пераследуюць хрысціянскія меншасці або хрысціян, ім не важна лютэране гэта, праваслаўныя ці католікі, для іх мы хрысціяне, заўважыў Пантыфік. “Вораг не памыляецца, ён у стане правільна распазнаць, дзе Езус. Гэта экумэнізм крыві. Сёння мы назіраем гэта, і я думаю, напрыклад, пра копцкіх праваслаўных манахаў, абезгалоўленых на пляжах Лівіі – гэта нашы браты. Яны далі сведчанне пра Езуса, і паміраючы казалі: “Езу, дапамажы мне!”. Вызналі імя Езуса”, - сказаў Францішак.

Канферэнцыі сакратароў сусветных хрысціянскіх супольнасцяў была заснавана ў 1957 года. Задача асацыяцыі складаецца ў тым, каб паглыбіць ўзаемаадносіны паміж хрысціянскімі супольнасцямі і садзейнічаць экуменічнаму дыялогу. У яе ўваходзяць, між іншым: Сусветны баптысцкі альянс, Сусветны альянс рэфармацкіх Цэркваў, Каталіцкі Касцёл, Англіканская Царква, Сусветная метадысцкая рада: праваслаўных прадстаўляюць Канстантынопальскі Патрыярхат і Маскоўскі Патрыярхат.








All the contents on this site are copyrighted ©.