2016-10-12 11:55:00

Візіту ў Аргентыну няма ў бліжэйшых планах Францішка


Трэба паставіцца са зразуменнем да таго факту, што Францішак не наведае сваю родную Аргентыну ў 2017 г., лічыць біскуп Марсэла Санчэс Саронда, канцлер Папскай акадэміі навук і суайчыннік Пантыфіка. Папа дакладна патлумачыў, што ў першую чаргу едзе ў тыя краіны, якія знаходзяцца ў больш складаных умовах, чым Аргентына, заявіў іерарх у інтэрв’ю радыёстанцыі “La Red”.

Біскуп Саронда таксама абверг спекуляцыі, што Францішак не прыйдзе ў Рыа-дэ-ла-Плата па прычыне нібыта напружаных адносін з Прэзідэнтам Маўрысіа Макры: “Не трэба множыць інтэрпрэтацый, што характэрна для аргентынцаў”, - сказаў кіраўнік дыкастэрыі. Папа працягне падарожнічаць у краіны, дзе не былі з візітамі яго папярэднікі, а таксама у тыя, якія знаходзяцца на ўзбочыне сусветнага грамадства, і дзе сітуацыя нашмат больш драматычная, чым у Аргентыне, дадаў ён.

Францішак у сваім нядаўнім відэазвароце да аргентынскага народа заявіў, што ў 2017 г. ён не прыедзе на сваю радзіму, бо ў яго існуюць “цвёрдыя абавязацельствы адносна Азіі і Афрыкі”. “Свет не заканчваецца на Аргентыне”, - дадаў Пантыфік.

Падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта 2 кастрычніка 2016 г. Францішак запэўніў, што ў 2017 г. дакладна паедзе ў Фаціму ў Партугаліі, а таксама ў Індыю і Бангладэш. Што тычыцца Афрыкі – усё залежыць ад палітычнай сітуацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.