2016-10-11 12:59:00

Папа перасцярог ад “рэлігіі прытворства”


Несці дабро ў свет, а не рабіць выгляд, што мы нешта робім, заклікаў папа Францішак 11 кастрычніка 2016 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён нагадаў, што хрысціянская свабода зыходзіць ад Езуса, і не з’яўляецца плодам нашых намаганняў. Святы Айцец у сённяшні літургічны ўспамін св. Яна XXIII спаслаўся на Пасланне св. Паўла да Галатаў (5,1-6), дзе апостал падкрэслівае ролю веры, якая дзейнічае з любові, і Евангелле св. Лукі (11,37-41), у якім Езус звяртае ўвагу фарысея, што той засяроджаны на ўмоўнасцях, а не на сутнасці веры.

Францішак заўважыў, што Езус адказвае настаўніку закона, крытыкуючаму Яго за тое, што не зрабіў рытуальнага абмывання перад ежай: “Вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубкі і місы, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю”. Папа дадаў, што падобныя словы Хрыстус часта кіраваў да гэтай групы людзей, абвінавачваючы іх ва ўнутранай нячыстасці, адсутнасці ўнутранай свабоды, зняволенні ў выніку адсутнасці прыняцця Божай справядлівасці. Бо для Яго ўнутраная свабода мае выключнае значэнне, бо атрымаў яе ад Айца.

“Гэта тая ўнутраная свабода, якая вядзе да рэалізацыі намі дабра, якое мы робім у таямніцы, не абвяшчаючы аб гэтым, таму што шлях праўдзівай рэлігіі з’яўляецца тым жа шляхам, што выбраў Езус – пакоры і прыніжэння. (...) Гэта адзіны спосаб вызваліць нас ад эгаізму, прагнасці, фанабэрыстасці, ганарыстасці, марнасці. У супрацьлегласць гэтаму, людзі, якіх Езус крытыкуе прытрымліваюцца рэлігіі макіяжу: выгляд, уражанне, прытворства, але ўнутры... Езус выкарыстоўвае для гэтых людзей вельмі моцны вобраз, “вы падобныя да пабеленых трунаў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!” (Мц 23,27)”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што Езус хоча, каб мы рабілі дабро з пакорай, бо ў адваротным выпадку яно згубіць сваю вартасць, вынікаючы з нас саміх, а не з адкуплення, якое даў нам Хрыстус. Ён дадаў, што адкупленне, гэта шлях пакоры і прыніжэння, які быў паказаны на крыжы. “Будзем прасіць Пана, каб мы нястомна прытрымліваліся гэтага шляху, нястомна адмаўляліся ад гэтай рэлігіі прытворства і пакорліва рабілі дабро, дармова, так, як мы атрымалі нашу ўнутраную свабоду. І няхай Ён ахоўвае ўнутраную свабоду ўсіх нас”, - скончыў сваю гамілію Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.