2016-10-10 10:39:00

Францішак абвясціў імёны новых кардыналаў


Святы Айцец абвясціў імёны новых кардыналаў. Гэта адбылося 10 кастрычніка 2016 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” у Ватыкане. “Я рады абвясціць, што ў суботу 19 лістапада, у вігілію закрыцця Святых Брамаў Міласэрнасці, я правяду кансісторый, каб прызначыць 13 новых кардыналаў з пяці кантынентаў. Іх паходжанне з 11 народаў выяўляе паўсюднасць Касцёла, які абвяшчае і сведчыць аб Добрай Навіне Божай Міласэрнасці ў кожным кутку зямлі. Уключэнне новых кардыналаў у Рымскую дыяцэзію дэманструе таксама непарыўную сувязь паміж Пасадам Пятра і мясцовымі Касцёламі, раскінутымі па ўсім свеце”, - сказаў Папа. 

Першым прагучала імя арцыбіскупа Марыё Дзэнары (Італія), “які застаецца Апостальскім нунцыем ва ўмілаванай і спакутаванай Сірыі”. Кардыналамі таксама стануць: арцыбіскуп Бангі (Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка) Дьёдон Нзапалаінга; арцыбіскуп Мадрыда (Іспанія) Карлас Асора Сьера; арцыбіскуп Бразіліа (Бразілія) Сэржыў да Роша; арцыбіскуп Чыкага (ЗША) Блэйз Джозэф Сьюпіч; арцыбіскуп Дакі (Бангладэш) Патрык Д’Разарыа; арцыбіскуп Мерыды (Венесуэла) Балтасар Энрыке Порас Кардоса; арцыбіскуп Мэхелен-Брусэльскі (Бельгія) Жозэф Дэ Кесэль; арцыбіскуп Порт-Луі (Маўрыкій) Марыс Пья; прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, біскуп Кэвін Джозэф Фарэл (ЗША); арцыбіскуп Тлалнэпланта (Мексіка) Карлас Агіяр Рэтэс; арцыбіскуп Порт-Морсбі (Папуа-Новая Гвінея) Джон Рыбат; арцыбіскуп Індыянаполіса (ЗША) Джозэф Уільям Тобін.

У кардынальскую калегію ўвойдуць таксама адзін арцыбіскуп і два біскупы на пенсіі, якія “вызначыліся сваім душпастырскім служэннем” і адзін святар, “які даў яснае хрысціянскае сведчанне”. Яны маюць больш за 80 гадоў, таму не змогуць прымаць удзел у выбарах будучага Пантыфіка. 

Гэта: арцыбіскуп Куала-Лумпур на пенсіі (Малайзія) Энтані Сатэра Фернандэс; біскуп Навары на пенсіі (Італія) Рэната Корта; біскуп Мохалес-Хук на пенсіі (Лесота) Себасціян Кота Хаараі; і святар архідыяцэзіі Шкодра-Пуль (Албанія) кс. Эрнэст Сымані.

Папа нагадаў, што 20 лістапада 2016 г., ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету і на заканчэнне Надзвычайнага Святога Года Міласэрнасці, будзе цэлебраваць св. Імшу, у якой, між іншых, прымуць удзел і новыя кардыналы.








All the contents on this site are copyrighted ©.