2016-10-10 12:58:00

Пантыфік да палатынаў: абуджаць веру і распальваць любоў


Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Генеральнага капітула Таварыства Каталіцкага Апостальства. Сустрэча прайшла 10 кастрычніка 2016 г. ў Ватыкане. У ёй удзельнічалі каля 100 прадстаўнікоў супольнасці айцоў-палатынаў.

У сваёй прамове Францішак спаслаўся на прыклад яе заснавальніка – св. Вінцэнта Палоцці – харызмат якога з’яўляецца “каштоўным дарам Святога Духа, бо даў пачатак і працягвае ствараць розныя формы апостальскага жыцця і падштурхоўвае вернікаў актыўна ўдзельнічаць у евангельскім сведчанні”.

“Вінцэнт Палоцці меў дар распазнання таго, што Езус – гэта апостал Айца, вялікага ў любові і багатага міласэрнасцю і што Ён здзейсняе сваю місію адкрываючы ўсім пяшчотную любоў і бясконцую міласэрнасць Айца”, - сказаў Папа і дадаў, што гэта з’яўляецца асабліва важным у сучасную эпоху. 

“Перад нашымі вачыма штодзённа з’яўляюцца сцэны насілля, нялітасныя абліччы, зацвярдзелыя і спустошаныя сэрцы. Мы маем вялікую патрэбу ў тым, каб памятаць пра таго Айца, сэрца якога думае пра ўсіх і жадае збаўлення кожнага чалавека. Міласэрнасць, гэта “сіла, якая перамагае ўсё, якая напаўняе сэрца любоўю і суцяшае праз прабачэнне”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заклікаў палатынаў абапірацца на асобу Хрыста і верна ісці за Ім. “Сузіраючы жыццё Езуса і гледзячы на наша жыццё пілігрымаў у гэтым свеце, які мае шмат выклікаў, мы заўважаем патрэбу ў глыбокім навяртанні і ажыўленні веры ў Яго. Толькі так мы зможам служыць нашаму бліжняму ў любові! Кожны дзень мы пакліканы абнаўляць давер да Хрыста і чэрпаць з Ягонага жыцця натхненне для выканання нашай місіі, бо “Езус – гэта першы і самы вялікі евангелізатар. У любой форме евангелізацыі першаснасць заўсёды мае Бог, які пажадаў паклікаць нас да супрацоўніцтва з Ім і падштурхнуць нас сілай свайго Духа”, - адзначыў Папа. 

Пантыфік нагадаў словы св. Вінцэнта Палоцці пра тое, што “пакліканне да апостальства не зарэзервавана толькі для выбраных, але скіравана да ўсіх”. Ён заклікаў палатынаў “з абноўленым запалам абуджаць веру і распальваць любоў, асабліва сярод самых слабых слаёў насельніцтва, бедных духоўна і матэрыяльна”.

Таварыства Каталіцкага Апостальства было заснавана ў 1846 г. Яго члены нясуць служэнне на ўсіх кантынентах, у 46 краінах свету, а іх колькасць налічвае каля 2400 чалавек. У Беларусі яны працуюць ва ўсіх дыяцэзіях: у Воранаве, Германішках, Бярозе, Жлобіне, Талачыне, Мінску.








All the contents on this site are copyrighted ©.