2016-10-09 09:23:00

Каталіцкія біскупы з усёй Еўропы збяруцца ў Мінску


Наступнае пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) пройдзе з 28 верасня па 1 кастрычніка 2017 г. у Мінску. Пра гэта стала вядома 8 кастрычніка пасля вечаровага галасавання біскупаў, паведамляе сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Мінск стане сталіцай Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ўжо ў другі раз. 14-16 чэрвеня 2007 г. у Мінску праходзіла 35-я сустрэча Генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў на тэму «Міграцыя – выклік для Еўропы».

Пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы сёлета праходзіць 6-9 кастрычніка ў княстве Манака. У ім удзельнічаюць старшыні каталіцкіх епіскапатаў з розных краін Старона Кантынента, прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы, а таксама члены COMECE (Камісія Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці). Беларусь на форуме прадстаўляюць Мiтрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы была заснавана ў 1971 г. і уключае ў сябе 33 нацыянальныя епіскапаты, а таксама іерархаў з тых краін, дзе Канферэнцый Біскупаў не існуе: арцыбіскупаў Люксембурга і Манака, біскупаў з Малдовы і Эстоніі і грэка-каталіцкага епіскапа з Мукачава.








All the contents on this site are copyrighted ©.