2016-10-08 12:46:00

Святы Пасад: размах міграцыйнага руху – ашаламляльны


Бежанцы павінны стаць “пасярэднікамі развіцця” у краінах, якія іх прымаюць, а не толькі “адрасатамі дапамогі або гасцямі, якіх з цярплівасцю зносяць”, заўважыў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе на 67-й сесіі Выканаўчага камітэта Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, якая праходзіла 3-7 кастрычніка 2016 г.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч нагадаў пра “ашаламляльны” размах міграцыйнага руху, сведкам якога з’яўляецца сучасны свет. Больш за 65 млн. чалавек пакінулі свае месцы жыхарства. Трэцяя частка з іх – каля 21 млн. чалавек – непаўналетнія, якія нярэдка становяцца ахвярамі розных форм рабства, пазбаўлены доступу да адукацыі ці аказваюцца нявольнікамі жудасных сітуацый. “Мы павінны прызнаць, што гэтая тэндэнцыя не дэманструе спаду”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Прадстаўнік Святога Пасаду станоўча ацаніў прынятую 19 верасня 2016 г. Нью-Ёркскую дэкларацыю аб бежанцах і мігрантах, якая, паводле яго слоў, выражае палітычную волю сусветных лідэраў бараніць жыццё і правы мігрантаў. Аднак ён нагадаў, што “абяцанні і пастановы павінны выконвацца”. Канстатаваць, аднак, даводзіцца “надзвычайны недахоп” эфектыўных і трывалых дзеянняў і “далейшае парушэнне правоў бежанцаў”, сказаў арцыбіскуп Юркавіч.

Знаходзячыся ў лагерах для бежанцаў, людзі не маюць магчымасці працаваць, свабода іх перамяшчэння абмежавана, яны становяцца залежнымі ад харчовай дапамогі, якой часта бывае недастаткова, падкрэсліў дыпламат.

У сувязі з гэтым ён заклікаў міжнародную супольнасць накіроўваць эканамічныя інвестыцыі і палітычную волю на гарантаванне асноўных правоў бежанцаў і нагадаў аб неабходнасці вырашэння першапрычын міграцыйнага руху.








All the contents on this site are copyrighted ©.