2016-10-08 13:43:00

Падсумаваны вынікі каталіцка-англіканскага дыялогу


Вынікі другога этапу працы Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі (Arcic II) былі апублікаваны і прадстаўлены старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Куртам Кохам. Прэзентацыя выдання прайшла падчас экуменічнага сімпозіума ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, прымеркаванага да 50-годдзя першай у гісторыі афіцыйнай сустрэчы папы Паўла VI і Архіепіскапа Кентэрберыйскага Майкла Рэмсі. Удзельнікі форума сабраліся разам, каб вызначыць новыя напрамкі ў адносінах паміж англіканамі і католікамі.

Кніга пад назвай “Looking Towards a Church Fully Reconciled, The Final Report of the Anglican-Roman Catholic Commission 1983-2005” (Імкнуцца да Касцёла, які цалкам прымірыўся. Заключная справаздача Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі) была падрыхтавана некалькімі членамі Камісіі: англіканскімі і каталіцкімі тэолагамі.

У ёй змешчаны тэксты пяці сумесных каталіцка-англіканскіх дэкларацый, падпісаных у рамках другога этапу працы Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі (1983-2005): “Salvation and the Church” (Збаўленне і Касцёл) (1986), “The Church as Communion” (Касцёл, як Адзінства) (1991), “Life in Christ: Morals, Communion and the Church” (Жыццё ў Хрысце: этыка, адзінства і Касцёл) (1993), “The Gift of Authority”(Дар улады) (1999) і “Mary: Grace and Hope in Christ” (Марыя: ласка і надзея ў Хрысце) (2005).

Кардынал Кох заўважыў, што дакументы другога этапу працы Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі адрозніваюцца ад папярэдніх большай змястоўнасцю. У іх дакладней вызначаны супольныя погляды і адметнасці ў разуменні некаторых пытанняў католікамі і англіканамі. Акрамя тэкстаў саміх дэкларацый, выданне ўтрымлівае каментары да кожнай з іх, апісанне працы Камісіі і напрамкаў яе будучай дзейнасці. 

Кардынал Кох выказаў пажаданне, каб кніга “паспрыяла прыняццю вынікаў другога этапу працы Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі, як у Англіканскай Царкве, так і ў Каталіцкім Касцёле”. Ён запэўніў у сваёй малітве ўдзельнікаў трэцяга этапу працы Камісіі. “Няхай гэта выданне дапаможа нам глядзець у напрамку Касцёла, які цалкам прымірыўся, і працаваць дзеля гэтага”, - дадаў ватыканскі пурпурат.

Міжнародная англіканска-каталіцкая камісія ўзнікла ў 1969 г. З 2011 г. працягваецца трэці этап яе працы, у рамках якога каталіцкія і англіканскія тэолагі працуюць над сумесным дакументам на тэму “Касцёла як мясцовага і паўсюднага адзінства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.