2016-10-07 12:48:00

Пантыфік сустрэўся з Місіянерамі Аблатамі Марыі Беззаганнай


Папа сустрэўся 7 кастрычніка 2016 г. з удзельнікамі Генеральнага капітула Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай, які праходзіў у мінулыя дні ў Рыме, і на якім праходзілі выбары генеральнага настаяцеля супольнасці. Ён спаслаўся на заснавальніка манаскай кангрэгацыі св. Яўгена дэ Мазэно, які імкнуўся адрадзіць веру пасля спусташэння, якое прынесла французская рэвалюцыя, кіруючыся досведам міласэрнасці. Францішак заклікаў законнікаў не забывацца, што менавіта міласэрнасць заўсёды была ў сэрцы місіі Аблатаў.

Касцёл разам з усім светам перажывае эпоху вялікіх перамен, у самых розных галінах, і таму сёння патрэбныя асобы, якія маюць у сэрцы любоў да Хрыста і безумоўную любоў да Касцёла, падкрэсліў Папа і дадаў, што сёння кожная частка зямлі – гэта “місійная тэрыторыя”, таксама кожнае чалавечае вымярэнне з’яўляецца тэрыторыяй місіі. Тут Папа асабліва ўзгадаў людзей, якія просяць аб дапамозе, суцяшэнні, надзеі ў самых бязвыхадных жыццёвых сітуацыях. Ён спаслаўся на прыклад Заснавальніка і падкрэсліў, што менавіта міласэрная любоў павінна быць “першым правілам жыцця” Аблатаў і перадумовай усіх іх дзеянняў, а стараннасць у імкненні да выратавання душ “з’яўляецца натуральным следствам гэтай братэрскай любові”.

Францішак, віншуючы айцоў-аблатаў з 200-годдзем заснавання кангрэгацыі, заклікаў іх “глядзець на мінулае з удзячнасцю, жыць сучаснасцю з энтузіязмам і прымаць будучыню з надзеяй” і пажадаў моцнай вернасці свайму манаскаму пакліканню.

“Вы Аблаты Марыі Беззаганнай. Гэта імя, якое св. Яўген называў “пашпартам у неба”, няхай для вас будзе пастаяннай заахвотай да місіі. Няхай Маці Божая падтрымлівае вас, асабліва ў моманты выпрабаванняў. Я прашу Вас таксама аб малітве за мяне!”, - сказаў на заканчэнне сваёй сустрэчы з прадстаўнікамі манаскай кангрэгацыі Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.