2016-10-06 09:55:00

Францішак заклікаў англікан да агульнага сведчання


Папа заклікаў каталіцкіх і англіканскіх іерархаў даваць супольнае сведчанне пра Хрыста і Яго Евангелле. 5 кастрычніка 2016 г. ён узначаліў экуменічныя Нешпары ў рымскім касцёле св. Грыгорыя з нагоды 50-годдзя першай у гісторыі афіцыйнай сустрэчы папы Паўла VI і Архіепіскапа Кентэрберыйскага Майкла Рэмсі.

Францішак спаслаўся на фрагмент з кнігі Эзэхіэля (34,12) пра “дні цёмныя і змрочныя” і падкрэсліў, што Бог кіруе праз прарока падвойнае паведамленне: па-першае, заахвочвае да адзінства свой народ, а пастыраў да працы над гэтым; па-другое, называе прычыны падзелаў – у цёмныя дні мы страцілі з-пад увагі свайго брата, які стаяў побач з намі, сталі няздольнымі да ўзаемнага прызнання і радасці з атрымання дароў. Але Бог перакананы, што мы можам перайсці ад цемры да святла, ад падзелаў да адзінства, ад патрэбы да паўнаты. Гэты шлях ёсць шляхам зносін паміж усімі хрысціянамі, перакананы Святы Айцец.

Адзінства сёння, на яго думку, гэта адзінства хрысціянскай сям’і і адзінства сям’і чалавечай. Абедзве гэтыя рэчаіснасці не толькі не супярэчаць сабе, але і ўзаемна ўзбагачаюцца. Дзелячы цяжкасці і радасці служэння, мы набліжаемся адзін да аднаго, падкрэсліў Папа і заклікаў католікаў і англікан да “рэальнага і смелага экумэнізму” і “адкрыцця новых шляхоў”. Сапраўдным “наватарскім пасланнем” Францішак назваў любоў Ягняці, якая нішчыць грэх і смерць. Менавіта яе трэба разам несці свету, які не ведае радасці ад атрымання міласэрнасці і спагады. “Мы радуемся з агульнага прызнання і святкавання сутнасці веры”, - адзначыў Пантыфік і заклікаў не паддавацца таму, што аддаляе ад “першапачатковай свежасці Евангелля”. “Адсюль вынікае наша агульная адказнасць, адзіная місія служэння Пану і чалавецтву”, - сказаў ён.

Францішак нагадаў каталіцкім і англіканскім біскупам пра місію пастыра, якая палягае не на закрытасці ў вузкіх колах і сваім “мікраклімаце”, а на выхадзе са сваімі абмежаваннямі для абвяшчэння Евангелля радасці. “Няхай Пан дасць нам, каб тут нарадзіўся новы імпульс зносін і місіі”, - пажадаў Францішак на заканчэнне свайго казання падчас экуменічных Нешпараў.








All the contents on this site are copyrighted ©.