2016-10-06 11:01:00

Святы Айцец за чысціню і сапраўднасць спорту


Францішак адкрыў 5 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане сустрэчу “Спорт на службе чалавецтва”. Ён падкрэсліў неабходнасць сумленнай канкурэнцыі ў спорце, уключэння ў спаборніцтвы бедных і інвалідаў, клопату пра сапраўднасць спорту і яго абароны ад маніпуляцый і камерцыйнай эксплуатацыі. Трохдённая сустрэча арганізавана Папскай радай па культуры. У ёй прымаюць удзел Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун і старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах.

У самым пачатку свайго выступлення Папа падкрэсліў каштоўнасць спорту, што ўзбагачае жыццё чалавека. Ён адзначыў, што дэвіз алімпійскага руху “Хутчэй-Вышэй-Мацней” з’яўляецца стымулам для развіцця талентаў, якія мы атрымалі ад Бога. Святы Айцец дадаў, што калі спартсмены імкнуцца да дасягнення максісмум сваіх магчымасцяў, калі мы цэнім дасканаласць рухаў і сілу каманднай гульні, спорт пачынае выходзіць за рамкі чыстай “фізічнасці”, падымаючы нас да ўзроўню духа ці нават таямніцы. Такія моманты суправаджаюцца вялікай радасцю і задавальненнем, у чым могуць прымаць удзел усе.

Францішак падкрэсліў важнасць аматарскага спорту, які дазваляе кожнаму чалавеку палепшыць стан здароўя і дабрабыту, вучыць працы ў камандзе, перажыванню перамог і параз. “Таму важна, каб кожны мог прыняць удзел у спартыўных мерапрыемствах”, - сказаў Папа, заклікаючы, каб спорт станавіўся ўсё больш інтэграцыйным, а яго перавагі былі даступнымі для ўсіх. У гэтым кантэксце ён указаў на важнасць паралімпійскага руху, які дае магчымасць займацца спортам людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Святы Айцец лічыць, што спецыяльныя алімпійскія гульні паказваюць веліч і чысціню спартыўнай актыўнасці.

Францішак таксама заклікаў даць магчымасць займацца спортам у годных умовах дзецям, якія жывуць на ўзбочыне грамадства або ў беднасці. “Гаворка ідзе пра тое, каб дазволіць усебакова развівацца людзям у найбольш неспрыяльным становішчы”, - патлумачыў ён.

Пантыфік таксама звярнуў увагу на неабходнасць клапаціцца аб сапраўднасці спорту, абароны ад маніпуляцый у ім і камерцыйнай эксплуатацыі. “Было б сумна для спорту і для ўсяго чалавецтва, калі б людзі больш не маглі давяраць сапраўднасці спартыўных вынікаў, або калі б цынізм і расчараванне перамаглі энтузіязм і радасны і бескарыслівы ўдзел. У спорце, як і ў жыцці, важна змагацца за вынік, але яшчэ больш важна добра і сумленна гуляць”, - сказаў Францішак.

Ён падзякаваў удзельнікам сустрэчы за іх намаганні па ліквідацыі ўсіх форм карупцыі і маніпуляцый. “Калі людзі змагаюцца за стварэнне больш справядлівага і празрыстага грамадства, яны супрацоўнічаюць з справай Бога. Акрамя таго, мы, лідэры розных рэлігійных супольнасцяў, хочам ўнесці свой уклад у гэтыя намаганні. Што тычыцца Каталіцкага Касцёла, ён прысутнічае ў свеце спорту, каб несці радасць Евангелля, інтэгруючую і безумоўную любоў Бога да ўсіх людзей”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.